Пра смерць беларускага этнолага і гісторыка, члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Міхаіла Піліпенкі паведаміў Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАНБ.

Міхаіл Піліпенка нарадзіўся 19 траўня 1936 года ў вёсцы Нежыхаў Брагінскага раёну ў сялянскай сям’і. Даследаваў праблемы этнагенезу і этнічнай гісторыі беларускага народа, пытанні гісторыі беларускай этналогіі і фалькларыстыкі, сямейных адносін, вясельных звычаяў і абрадаў беларускага сялянства, народных рэлігійных вераванняў. Аўтар звыш сотні навуковых артыкулаў і шматлікіх манаграфій.
Вядомаму навукоўцу было 88 гадоў.






