З 2001 па 2007 год ён быў Генеральным консулам Рэспублікі Беларусь у Беластоку. Леаніду Аляксандравічу Каравайку было 70 гадоў.
Беларускі дыпламат рангу надзвычайнага і паўнамоцнага пасланніка другога класа, 1-ы генеральны консул Рэспублікі Беларусь ў Амерыцы нарадзіўся 19 чэрвеня 1954 года на Гарадзеншчыне, у Бярозаўцы, што на Лідчыне. Там вырас і скончыў сярэднюю школу.
У 1976 годзе скончыў перакладчыцкі факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута замежных моў па спецыяльнасці французская і англійская мовы. Акрамя французскай і англійскай валодаў польскай і сербскай мовамі.
Пасля заканчэння вышэйшай навучальнай установы кароткі час працаваў у Беларускім таварыстве сяброўства і сувязяў з замежнымі краінамі. З 1981 па 1987 год працаваў у сакратарыяце ААН у Нью-Ёрку. Пасля вяртання з Нью-Ёрка працягнуў працу ў Беларускім таварыстве сяброўства і сувязяў з замежнымі краінамі рэферэнтам аддзела культуры.
На дыпламатычную службу ў Міністэрства замежных спраў БССР прыйшоў у 1988 годзе. Працаваў на дыпламатычных пасадах у пратакольна-консульскім, а затым — у консульскім аддзеле міністэрства. З-за адсутнасці беларускай консульскай установы ў ЗША па міждзяржаўнай дамоўленасці прызначаны ў 1992 годзе на пасаду консула Генеральнага консульства Расейскай Федэрацыі ў Нью-Ёрку.
Адначасова з заснаваннем 22 ліпеня 1993 года Генеральнага консульства Рэспублікі Беларусь у Нью-Ёрку быў прызначаны першым кіраўніком першай беларускай консульскай установы ў краінах Амерыкі. Працаваў на гэтай пасадзе да 31 сакавіка 1995 года.
Пасля вяртання ў цэнтральны апарат Міністэрства замежных спраў працаваў з 1995 па 1997 год начальнікам упраўлення краін СНД, Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, а пазней — начальнікам сакратарыята міністэрства.
З 1997 па 1998 год працаваў у місіі АБСЕ ў Босніі і Герцагавіне.
З 1998 па 2001 год працаваў начальнікам консульскага ўпраўлення МЗС Беларусі.
З 21 красавіка 2001 года да 24 мая 2007 года быў Генеральным консулам Рэспублікі Беларусь у Беластоку. Пры яго ўдзеле ў чэрвені 2006 года быў адчынены лакальны памежны пераход у Белавежы.
Пасля вяртання на Радзіму і да чэрвеня 2012 года працаваў начальнікам упраўлення па пытаннях уезду замежнікаў галоўнага консульскага ўпраўлення МЗС Беларусі.
З чэрвеня 2012 года па лістапад 2013 года — загадчык консульскага аддзела, старэйшы дарадца пасольства Беларусі ў Маскве.
Мае двух сыноў. Каталік.
Леанід Каравайка быў прадстаўнікоў першага пакалення беларускіх дыпламатаў маладой Рэспублікі. Да канца жыцця заставаўся на прабеларускіх пазіцыях.
Развітанне і пахаванне з Леанідам Каравайкам адбудзецца на яго малой радзіме – у Бярозаўцы.
Юрась Дзяшук. Радыё Рацыя. Бярозаўка