BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Памёр дэпутат незалежнасці Мікалай Аксаміт

З раніцы 28 студзеня прыйшла сумная вестка пра тое, што пасля працяглай хваробы і запланаванай аперацыі памёр беларускі грамадска-палітычны дзеяч з Ваўкавыску Мікалай Аксаміт. Яму было 69 гадоў.

Мікалай Аксаміт нарадзіўся 18 траўня 1954 года. Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР 12-га склікання ад Ваўкавыскай гарадской выбарчай акругі № 248. Быў сябрам парламенцкай апазіцыі БНФ і Камісіі Вярхоўнага Савету па адукацыі, культуры і захаванню гістарычнай спадчыны.

У красавіку 1995 года ўдзельнічаў у галадоўцы пратэсту супраць правядзення рэферэндуму, сярод пытанняў якога была змена дзяржаўнай сімволікі і наданне рускай мове статусу дзяржаўнай. Быў тады ў ліку іншых апазіцыйных дэпутатаў збіты.

Працаваў юрыстам у ваўкавыскім праваабарончым цэнтры «Аслона». Быў пазбаўлены ўладамі ўсялякай працы. У 2004 годзе быў даверанай асобай Мікалая Аўтуховіча на выбарах у Палату прадстаўнікоў. Пасля той выбарчай кампаніі два тыдні трымаў галадоўку на знак пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў галасавання.

Апошнія гады як мастак пісаў карціны. За сваю грамадска-палітычную дзейнасць быў узнагароджаны медалём “100 год БНР”.

Рэдакцыя Беларускага Радыё Рацыя выказвае шчырыя спачуванні блізкім і сябрам Мікалая Аксаміта.

Светлая памяць…