
На 87-ым годзе жыцця памёр вядомы беларускі гісторык, літаратуразнавец і грамадскі дзеяч Аляксей Каўка. Апошнія дзесяцігоддзі ён жыў у Маскве.
Пра смерць выдатнага даследніка беларускай літаратуры паведаміў у сваім фэйсбуку МІхась Скобла.
Аляксей Каўка нарадзіўся 20 верасня 1937 года ў вёсцы Машчаліна Ігуменскага раёна. У 1961 годзе скончыў БДУ. Пазней стаў доктарам філалагічных навук і кандыдатам гістарычных навук. Даследаваў гісторыю Польшчы, польскага рабочага руху, савецка-польскіх адносінаў. 3 канца 1970-х гадоў распрацоўваў праблемы адраджэньня і станаўленьня нацыянальнай самасвядомасці, творчасці Францішка Скарыны, Янкі Купалы, Кастуся Езавітава, Івана Луцкевіча, Вацлава Ластоўскага, Міколы Улашчыка і іншых. Укладальнік літаратурна-навуковых штогоднікаў «Скарыніч» (вып. 1—3, 1991—97).
Дзякуючы яго дыпламатычнаму пашпарту на Захад была перапраўленая паштоўка беларускага мастака Яўгена Куліка, якая была прысвечаная 1000-годдзю Беларусі (1980). Гэтая дата была адзначаная цэлым шэрагам акцыяў беларускае апазіцыі, сярод якіх і выпуск паштовак. Беларуская дыяспара ў ЗША надрукавала паштоўку і распаўсюдзіла яе па свеце, у тым ліку і ў Беларусі. Факт выхаду такой паштоўкі стаў прадметам разбору КДБ.
У 1989 быў абраны ў Сойм I-га склікання. Пасьля адышоў ад партыйнае дзейнасці. Жыў у Маскве і займаў актыўную грамадскую пазіцыю. У 1995 пераклаў з беларускай на расейскую мову (суаўтар пераклада, аўтар прадмовы) і выдаў у Маскве паэму Ведзьмака Лысагорскага (вобразны і легендарны псеўданім невядомага аўтара) «Луку Мудзішчаву прывітаньне з Расеі», дзе ў вострай сатырычнай форме даецца ацэнка аўтарытарнага рэжыму Лукашэнкі. Браў актыўны ўдзел у арганізацыі і правядзенні ў Маскве акцыяў, скіраваных на абарону правоў чалавека ў Беларусі.
Светлая памяць…






