BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Памёр краязнавец Валеры Петрыкевіч

Сумная вестка прыйшла з Дзятлава. 15 лютага пасля працяглай хваробы памёр беларускі краязнавец, настаўнік, сябра некалькіх грамадскіх арганізацый Валеры Петрыкевіч.

Валеры Петрыкевіч нарадзіўся 6 верасня 1946 года ў мястэчку Любча. Значная частка яго жыцця была звязаная з мястэчкам Валеўка, дзе працаваў яго бацька Міхаіл Петрыкевіч, краязнавец, які стварыў там знакаміты музей. Большая частка біяграфіі Валеры Петрыкевіча непарушна звязана з Дзятлаўскім раёнам, дзе ён настаўнічаў і рупліва працаваў на ніве беларушчыны. Настаўнік фізкультуры (а Петрыкевіч быў у маладосці моцным спартоўцам па розных відах) выхаваў не адно пакаленне беларускіх патрыётаў у сваім рэгіёне. Менавіта па яго ініцыятыве і чынным удзеле былі ўсталяваныя розныя памятныя знакі на Дзятлаўшчыне – на радзіме Ігната Дварчаніна, Вячаслава Адамчыка ды іншых адметных месцах. Ён быў таленавітым арганізатарам шматлікіх спаборніцтваў, турыстычных паходаў і сплаваў па рэках (сам у маладосці прайшоў амаль усе рэкі тэрыторыі Савецкага саюзу), розных імпрэзаў, вечарынаў, юбілеяў…

Валеры Петрыкевіч быў актыўным сябрам Таварыства Беларускай Мовы, Асветніцкага грамадскага аб’яднання “Фонд імя Льва Сапегі”, краязнаўчых суполак, цесна супрацаваў з беларускімі пісьменнікамі. Менавіта ён заснаваў штогадовы абласны літаратурна-музычны фэст у Зачэпічах. Апошнюю задумку – паставіць у Дзятлаве помнік Кастусю Астрожскаму – улады ўрэшце здзейсніць не далі…

Светлая і вечная памяць беларускаму патрыёту і рупліўцу нацыянальнага Адраджэньня…