
На 72-м годзе жыцця памёр Мікола Люцко — даўні сябра Управы Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» і сябра Рады Згуртавання ад самага пачатку заснавання арганізацыі.
Пра смерць аднаго з самых актыўных і ініцытыўных паплечнікаў паведаміла ЗБС «Бацькаўшчына».
Мікола Люцко нарадзіўся 5 сакавіка 1954 года ў вёсцы Поўстынь Слуцкага раёна. Быў эканамістам па адукацыі, скончыў Інстытут народнай гаспадаркі (сёння БДЭУ). Працаваў намеснікам галоўнага бухгалтара ў Дзяржаўным планавым камітэце БССР, Дзяржкамнафтапрадуце БССР, дзяржаўным аграпрамысловым камітэце, кіраўніком адзела — намеснікам кіраўніка ўпраўлення па эканамічных пытаннях, арганізацыі ўліку і кантролю. Некалькі гадоў працаваў у Кітаі.
З 1993 года працаваў у недзяржаўных вытворчых і камерцыйных структурах. У 1992 годзе быў адным з заснавальнікаў грамадскай арганізацыі «Згуртаванне прадпрымальнікаў Беларусі»
З 1993 года — сябра Міжнароднага грамадскага аб’яднання «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына».
Паводле папярэдняй інфармацыі, развітанне адбудзецца ў чацвер у Менску ў рытуальнай залі на Альшэўскага, 12.






