Вядомаму беларускаму спеваку было 78 гадоў, паведамляе Наша Ніва.

Яраслаў Еўдакімаў нарадзіўся ў 1946 годзе ва ўкраінскім Роўне ў турме: яго маці была рэпрэсаваная як украінская нацыяналістка, а затым высланая ў Нарыльск. Дзяцінства Яраслаў правёў у дзеда ў вёсцы Корысць у Ровенскай вобласці. Музычную кар’еру пачаў у Днепрапятроўску, спяваючы ў рэстаране і паралельна працуючы на заводзе. Там жа пазнаёміўся з другой жонкай (першую кінуў, не пражыўшы і месяца), якая была беларуска, і пераехаў у Менск.
У 1975 годзе Еўдакімаў прайшоў праслухоўванне ў Менскай філармоніі. У Менску і ўзышла яго зорка.
У 1980 годзе ўзяў удзел ва ўрадавым канцэрце, на якім прысутнічаў кіраўнік БССР Пятро Машэраў. Былога партызана Машэрава скарыла песня «Поле памяці» аўтарства Леаніда Захлеўнага і Уладзіміра Някляева. Машэраў распарадзіўся аб прысваенні Еўдакімаву звання заслужанага артыста БССР. У 1987-м ён атрымаў званне народнага артыста.
На выбарах-2001 у Беларусі спявак падтрымаў апазіцыйных кандыдатаў, пасля чаго яму давялося з’ехаць у Расею. Таксама ён выступіў супраць вайны Расеі з Украінай.






