BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Паўлюк Быкоўскі: 2024 год для беларускіх медыя быў не такі просты

Сенняшні госць Беларускага радыё Рацыя — старэйшы аналітык праекту “Медыя Ай-Кью” Паўлюк Быкоўскі.

Гутарым з ім пра стан незалежнай журналістыкі ў выгнанні і новыя выкліклі, з якімі сутыкаюцца медыя. Каля мікрафону Алеся Вербаловіч.

РР: У мяне такое першае пытанне: калі агульна паглядзець на мінулы год, як ён прайшоў для незалежных медыя? Ці абышлося без страт? Што наогул адбывалася? Якія тэндэнцыі вы заўважылі?

– 2024 год для беларускіх медыя быў не такі просты, але мы гэта кажам кожны раз, калі падводзім вынікі года. Калі браць медыя, якія засталіся ў Беларусі і працягваюць быць грамадска-палітычнымі, то такіх зараз ужо, напэўна, назваць немагчыма. Ёсць незалежныя медыя ў выгнанні. Ёсць недзяржаўныя медыя ў Беларусі, якія стараюцца ўхіляцца ад грамадска-палітычнай тэматыкі або прынамсі не прыцягваць увагу, каб пазбегнуць пэўных рэпрэсій. Таму асноўны цяжар пераносіцца на незалежныя медыя, якія вымушаныя знаходзіцца ў выгнанні.

– Ну і ёсць дзяржаўныя медыя, у якіх адбыліся пэўныя змены. Напрыклад, з’явіўся новы тэлеканал — “Першы інфармацыйны”. Гэта канал, які быў створаны ў межах Белтэлерадыёкампаніі. Агенцтва тэлевізійных навін, якое заўсёды рабіла навіны для Белтэлерадыёкампаніі і для шэрагу іншых каналаў, зрабіла сабе асобны тэлеканал.

– Калі чалавек хоча глядзець выключна навіны, ён можа выбраць “Першы інфармацыйны”. Калі хоча разбавіць гэта фільмамі або іншымі праграмамі, ён выбірае “Беларусь 1” або іншыя каналы Белтэлерадыёкампаніі. Што тычыцца іншых дзяржаўных медыя, былі кадравыя перастановы, але гэта не настолькі важныя змены для грамадства.

РР: Такія палітычныя падзеі адбыліся ўжо ў пачатку 2025 года: маецца на ўвазе выбарчая кампанія ў Беларусі, а таксама ініцыятывы Трампа і яго новыя законы. Я хацела спытацца, як палітычныя падзеі ў Беларусі паўплывалі на тыя медыя, што засталіся ў краіне? Ці вядома пра нейкія закрыцці або асабліва жорсткія рэпрэсіі? І ўжо пасля — як загады Трампа паўплывалі на беларускі медыйны сектар?

– Гэта быў ужо час, калі адбылася зачысціўка ад іншадумства ў Беларусі, і не засталося медыя, якія маглі б пісаць пра тое, у якой атмасферы адбываюцца выбары. Ці ёсць там канкурэнцыя, ці няма — гэта ўжо не асвятлялася звычайным чынам медыя, якія знаходзіліся б у Беларусі. Для медыя ў выгнанні гэтая кампанія не адыграла вялікай ролі, бо яна падалася не вельмі цікавай праз прадказальны вынік. Пра яе пісалі столькі, колькі трэба, каб адзначыць сам факт, але яна не стала важнай падзеяй. Больш увагі было ўдзелена прэзідэнцкай выбарчай кампаніі, якая пачалася ў 2024 годзе і скончылася ў 2025-м.

– Паказальна, што даследаванні медыя, дзе я працую, далі цікавы вынік пра ахоп гэтай тэматыкі ў агульным кантэнце медыя. І ў дзяржаўных, і ў незалежных медыя ў выгнанні доля публікацый на гэтую тэматыку аказалася не такой вялікай.

– У дзяржаўных медыя гэта склала каля 3%, у незалежных медыя ў выгнанні — каля 2%. А вось у недзяржаўных медыя, якія знаходзяцца ў Беларусі, гэтая доля склала менш за 1%. Гэта сведчыць пра тое, што яны стараліся не ўцягвацца ў рызыкоўныя тэмы, каб пазбегнуць рэпрэсій. Атрымаўся вялікі падзел як у грамадстве, так і ў медыя адносна таго, ці яны лаяльныя да рэжыму Лукашэнкі, ці спрабуюць заставацца максімальна аддаленымі ад палітычных вектараў. Гэта найперш камерцыйныя медыя, якія засталіся ў Беларусі.

– Сама па сабе гэтая кампанія магла б прыцягнуць больш трафіку і аўдыторыі, калі б яна была цікавай. Але медыя ў асноўным падкрэслілі, што вынік прадказальны, таму не надавалі гэтаму асаблівай увагі.

Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:

Паўлюк Быкоўскі падсумоўвае: беларускія назалежныя выданні звыклыя да працы ў неспрыяльных умовах, але зараз як раз той самы час, калі яны вельмі патрабуюць дапамогі ад сваёй аўдыторыі.

Бларускае Радыё Рацыя