BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Павал Батлейшчык: Масавая міграцыя беларусаў у Вялікабрытанію пачалася пасля ІІ Сусветнай вайны

Колькі хваляў эміграцыі налічвае гісторыя беларускай дыяспары ў Вялікабрытаніі? Ад якога моманту можна лічыць адлік з’яўлення тут беларускай дыяспары? Ці хтосьці з іх некалі вярнуўся ў Беларусь?

Скарынаўская бібліятэка ў Лондане, фота: Яраслаў Крывой

Над такімі ды іншымі тэмамі разважаў наш сённяшні Госць Рацыі, сябра Рады Апекуноў Бібліятэкі і Музея Францішка Скарыны ў Лондане Павал Батлейшчык:

Да Другой сусветнай вайны тут былі адзінкі з Беларусі. Але прыязджалі выбітныя часам асобы, вось, напрыклад, у сярэдзіне ХІХ стагоддзя сюды прыехаў жыць Аляксандр Рыпінскі – гэта быў паўстанец 1831 года з Віцебску, які вымушаны быў бегчы з Расейскай імперыі, спачатку ён жыў у Парыжы, пасля пераехаў у Лондан. І тут ён заснаваў сваю тыпаграфію, дзе выходзілі яго польскамоўныя паэмы, а таксама беларускамоўная “Нячысцік”.

Але ўжо масавая міграцыя тут з’явілася пасля ІІ Сусветнай вайны. Гэта былі людзі з Заходняй Беларусі, якія былі польскімі грамадзянамі перад ІІ Сусветнай. І ім было дазволена застацца ў Брытаніі, якія не хацелі ехаць назад да Сталіна. Шмат з іх былі жаўнеры арміі Андэрса, калі вайна скончылася, яны былі ў Італіі, а пасля іх перавезлі ў Брытанію і дэмабілізавалі. І першае, што яны стварылі, гэта Згуртаванне беларусаў Вялікабрытаніі. Гэтая арганізацыя існуе і дагэтуль. Гэта адная з найстарэйшых беларускіх арганізацый палітычных па ўсім свеце. Гэта былі вельмі ахвярныя людзі, якія хацелі тут нешта стварыць, бо некаторыя – таксама як і цяпер ідуць дэбаты – некаторыя думалі, што Сталін заўтра памрэ і яны вернуцца ў свае вёскі. І некаторыя сварыліся, як і цяпер сварацца, але было шмат людзей, якія былі больш прагматычныя і стваральныя. І казалі, давайце ствараць свае цэнтры, арганізацыі, фонды. Былі набытыя ажно тры Беларускія дамы ў Брытаніі. А Скарынаўка была адкрытая ў 1971 годзе на падставе прыватных калекцый святароў, якія хацелі, каб гэтыя скарбы засталіся надалей.

РР: Пра колькі хваляў эміграцыі беларусаў у Вялікабрытанію мы можам казаць?

Павал Батлейшчык: Была першая гэтая хваля паваенная. Пасля яе была хваля ў 90-я гады, калі ўпала “жалезная заслона” і сюды было магчыма прыехаць. Я быў адным з іх, хто сюды ў 90-я гады прыехаў. Гэта была другая хваля. Пасля яе ўжо былі “хвалькі”, а не хвалі. У Лондане вялікі эканамічны цэнтр, таму сюды людзі прыязджаюць па эканамічных прычынах. Нават пасля 2020 года я б не сказаў, што была хваля. Гэта быў працяг прыезду беларусаў, проста некаторыя прыехалі ўжо па палітычных прычынах, а не па эканамічных. Але ў адрозненне ад Польшчы і Літвы, я б не сказаў, што гэта так масава.

Павал Батлейшчык дадаў, што беларуская эміграцыя ў Вялікабрытаніі – гэта шырокае поле для сучасных даследчыкаў беларускай гісторыі. Значная частка дакументаў, фатаздымкаў ці літаратуры захаваныя ў лонданскай Бібліятэцы і Музеі імя Францішка Скарыны.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя