Госць Рацыі – выконваючы абавязкі прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні Павел Баркоўскі. Ён адзін з удзельнікаў Форуму Касцюшкі ў Гданьску, дзе адбываюцца вельмі важныя сустрэчы. Польшча на пачатку гэтага года стала старшынёй у Еўразвязе. З гэтым звязаны буйны форум, дзе ўдзельнічаюць таксама і беларусы. З Госцем Рацыі на тэму форуму размаўляе наш карэспандэнт Улад Грынеўскі.

РР: У рамках гэтага форуму што вам здаецца найважнейшым?
Павел Баркоўскі: Гэта такое знакавае мерапрыемства, бо фактычна мы запачаткуем з польскім бокам новы такі фармат польска-беларускіх сустрэч разам з нашымі калегамі з краін Балтыі і скандынаўскіх краін. І гэта такая пляцоўка, якая дазваляе выбудоўваць далейшую стратэгію беларуска-польскіх дачыненняў. Бо фактычна мы доўгі час жылі ў супольнай дзяржаве, і сама асоба Касцюшкі падкрэслівае, што гэта супольны герой двух народаў, які змагаўся за незалежнасць свайго краю.
І цяпер ёсць такая нагода, каб мы маглі далей абмяркоўваць стасункі беларускага і польскага народаў, як іх можна доўжыць, нягледзячы на тыя фактычныя абставіны, якія нас суправаджаюць сёння. То бок разглядаючы не толькі праблемы сучаснасці, але і тое, што мы хочам бачыць у будучыні.
РР: А як вось гэтыя польска-беларускія стасункі ў Польшчы і дэмакратычнай супольнасці, паводле вас, выглядаюць? Размова на форуме больш пра праблемы ці нейкае супрацоўніцтва і пошукі шляхоў супрацоўніцтва?
Павел Баркоўскі: Тут сапраўды трэба адзначыць, што гаворка не толькі пра праблемы, не толькі пра тыя выклікі, якія перад намі стаяць, іх, зразумела, шмат. І беларусы, якія знаходзяцца цяпер у Польшчы, могуць шмат чаго расказаць пра актуальныя і надзённыя праблемы, але ўсё ж такі асноўны акцэнт на пошуку новых інструментаў, новых фарматаў, новых стратэгій дзеля таго, каб гэтыя праблемы вырашаць. І мы вельмі спадзяёмся, што гэта сапраўды ператворыцца ў такі зручны і паспяховы фармат, дзе мы маглі б дзяліцца думкамі, маглі б шукаць супольна рашэнні некаторых праблем. І пасля гэтыя рашэнні і рэкамендацыі выконваліся б ужо на палітычным узроўні, калі б пераходзілі ў канкрэтныя праекты, рэалізаваныя з дапамогай польскага боку.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя