У 161-годдзе паўстання 1863 года ў Польшчы ўсё больш папулярызуецца асоба Кастуся Каліноўскага, які да гэтага быў вядомы выключна ў Беларусі. На гэта паўплывала ў тым ліку адмысловая стыпендыяльная праграма яго імя, якая падтрымлівае беларускіх студэнтаў, якія навучаюцца ў польскіх універсітэтах.

Акурат днямі ў Варшаўскім універсітэце і прайшла сустрэча наконт гэтай праграмы з удзелам намесніка прадстаўніцы па нацыянальным адраджэнні Кабінета Паўла Баркоўскага, намесніка міністра навукі і вышэйшай адукацыі Польшчы Анджэя Шэптыцкага і часовага паверанага ў справах Польшчы ў Беларусі (2020-01.2024) Марціна Вайцяхоўскага.

Вольга Сямашка, пагутарыла з Паўлам Баркоўскім пра тое, што было абмеркавана вакол праграмы Каліноўскага ў Варшаве і як да яе адносяцца польскія ўлады; якія перспектывы для беларусаў у выгнанні маюцца ў Польшчы і як не згубіць патэнцыял беларускага Адраджэння да моманту вяртання большасці ў Беларусь.

РР: Раскажыце, калі ласка, калі і дзе праходзіла сустрэча наконт стыпендыі праграмы Каліноўскага, і хто быў ініцыятарам?
– Сустрэча адбывалася 16-га студзеня, у памяшканні Варшаўскага ўніверсітэта. Арганізатарам была дырэкцыя праграмы імя Кастуся Каліноўскага, то бок цэнтр усходнееўрапейскіх даследванняў Варшаўскага ўніверсітэту.
РР: Якія пытанні ўздымаліся?
– Перадусім там была афіцыйная частка, дзе была прадстаўнічая дэлегацыя, намеснік міністра па навуцы і вышэйшай школе; і былы часовы павераны ў Беларусі. А ўжо ў другой частцы сапраўды студэнты мелі мажлівасць задаць свае пытанні па праграме, па тым як яна адбываецца і складанасці, якія ёсць у іх на сёння.
РР: На імпрэзе былі пасадныя асобы. Якія вашыя ўражанні ад удзелу гэтых асобаў?
– Перадусім важна тое, што і міністр, і павераны, выказалі падтрымку народу Беларусі ў змаганні за дэмакратыю і вольную будучыню. Таксама яны падкрэслілі важнасць захавання падобных праграмаў для падтрымкі тых, хто праз рэпрэсіі не можа працягваць сваё навучанне ў Беларусі. Вельмі прыкра, што наогул такая праграма ўвогуле мусіла паўстаць з тых абставінаў, з якіх яна паўстала, але вельмі важна, каб яна працягвалася і давала мажлівасць будаваць кадры для Новай Беларусі. На гэта мы таксама звяртаем увагу нашых польскіх партнёраў. Намеснік міністра ўключаўся досыць моцна ў размову са студэнтамі, і каментаваў некаторыя пытанні.
РР: Каб атрымаць стыпендыю Каліноўскага, што будзе больш уплываць: ацэнкі ці сітуацыя жыццёвая, у якую трапіў чалавек, выгнанне з радзімы, пазбаўленне мажлівасці адукацыі – што ўлічваецца ў першую чаргу?
– Бачна, што праграма карыстаецца запытам з боку навучэнцаў, і на жаль, стае кандыдатаў, што трапляюць пад фармальнае патрабаванне гэтай праграмы. Асноўным з такім патрабаваннем ёсць наяўнасць нейкага пераследу за свае перакананні ў Беларусі. Гэта людзі, якія былі проста ці ўскосна рэпрэсаваныя, а ў свой час атрымоўвалі адукацыю ў Беларусі ці проста не могуць яе далей працягваць з гэтых прычынаў. І на жаль, мы бачым, што ровень рэпрэсіяў не змяншаецца, застаецца стабільна высокім, то і навучэнцаў праграмы досыць шмат, і шмат кандыдатаў на гэтыя месцы. Апошні конкурс, здаецца, адбываўся, з такой статыстыкай, што было тры чалавекі на месца, таму далёка не ўсім маглі даць мажлівасць паступіць летась, і нават сфармавалі невялічкую групу каля 20 чалавек для тых, хто таксама падпадаў пад гэтыя крытэры, але не змог падпарадкавацца іншым фармальным патрабаванням, перадусім атрымаў не вельмі высокія балы на атэстацыі, але ім прапанавалі курс польскай мовы на паўгода ў якасці падтрымкі з боку Польшчы.
З «Госцем Рацыі» – намеснікам прадстаўніцы па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага Пераходнага кабінета Паўлам Баркоўскім, камунікавала Вольга Сямашка.

Здымкі з архіва Паўла Баркоўскага
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя






