Культурніцкая ініцыятыва MALDZIS працягвае сваю дзейнасць у Варшаве. Аб’яднанне займаецца захаваннем беларускай спадчыны і было названае ў гонар літаратуразнаўца, гісторыка, пісьменніка, журналіста Адама Мальдзіса.

Пра дзейнасць арганізацыі, апошнія здабыткі і складанасці ў працы Госць Рацыі – кіраўнік MALDZIS – Павел Мацукевіч распавёў нашаму радыё.
РР: Чым наогул займаецца ініцыятыва MALDZIS і чаму гэта важна?
Павел Мацукевіч: Займаецца культурнай спадчынай, у сэнсе вяртання культурнай спадчыны, па-першае, фізічнае вяртанне і вяртанне ў грамадскую свядомасць. Папулярызацыя спадчыны праз розныя сродкі, у тым ліку праз сацыяльныя сеткі. А таксама ўшанаванне памяці. Гэта пакуль у прапрацоўцы, ёсць некалькі праектаў, але яны знаходзяцца ў розных стадыях рэалізацыі, маецца на ўвазе ўсталяванне дошак, помнікаў і г.д. Гэта асноўныя напрамкі.
Чаму гэта важна? Я мяркую, што спадчына – гэта такі ключавы момант для любой краіны для любой нацыі, бо калі ёсць спадчына, то ёсць гісторыя, калі ёсць гісторыя, значыць вы існуеце, значыць вы былі, значыць за вамі штосьці стаіць, значыць у вас ёсць на што абапірацца. Калі вы яшчэ і ведаеце гэтую гісторыю, то пад вамі моцны падмурак, хутчэй за ўсё вы тады будзеце разумець рэчаіснасць, бачыць сваю будучыню.
Таму наша мэта ў шырокім сэнсе – вяртанне гэтай культурнай спадчыны беларусам. Бо кожная краіна мае страты спадчыны, нешта згубілася, нешта знаходзіцца ў іншых краінах, ёсць рэстытуцыйныя прэтэнзіі да іншых краінаў, але Беларусь – гэта асобны выпадак. Мы, як я мяркую, нумар адзін у свеце па колькасці страчаных культурных каштоўнасцяў. Напачатку 90-х гадоў спецыялістамі агучвалася такая лічба, што ў Беларусі застаўся толькі адзін адсотак культурнай спадчыны. Усё астатняе альбо згінула, альбо з’ехала, альбо скрадзена, альбо знікла праз уласную абыякавасць.
РР: Зыходзячы з гэтага, можна сказаць, што беларусы не шануюць свае здабыткі?
Павел Мацукевіч: Не зусім так, але фактары ўласнай абыякавасці да спадчыны таксама прысутнічаюць і гуляюць даволі кепскую ролю. Але галоўныя прычыны страты культурнай спадчыны ў выпадку Беларусі – гэта шматлікія войны, канфлікты. Амаль усе вялікія буйныя канфлікты, якія адбываліся ў Еўропе, так ці інакш закранулі Беларусь, альбо Беларусь увогуле была галоўным тэатрам гэтых войнаў, ці канфліктаў. Першая сусветная вайна, Другая сусветная вайна. Да гэтага напалеонаўскія войны. Нацыянальна-вызваленчыя рухі. Савецкая ўлада. Усё гэта даволі моцна ў негатыўным сэнсе адбілася на культурнай спадчыне Беларусі. У сэнсе, праз гэта мы спадчыну па сутнасці і згубілі.
Але ёсць прыклады і абыякавасці да ўласнай спадчыны. Вось у 50-ым годзе, здаецца, БССР без усялякай нагоды перадала Польшчы амаль 90 партрэтаў з нясвіжскай галерэі, практычна ўсю галерэю, у тым ліку больш за 80 радзівілаўскіх партрэтаў. Пасля таго як краіна атрымала незалежнасць, рабіліся захады, каб вярнуць гэтую спадчыну. Атрымалі гэтыя партрэты назад, але ў выглядзе электронных копіў.
Яшчэ адзін прыкры прыклад, калі Чэхаславакія прапанавала ўладам БССР забраць архвы лідараў БНР, якія жылі ў Празе. БССР гэтыя архівы не спатрэбіліся.
Адам Мальдзіс расказваў даволі паказальную гісторыю, калі была экранізацыя мастацкага твору Уладзіміра Караткевіча «Дзікае паляванне Караля Стаха», кіношнікі заехалі ў Гародню і з мясцовага касцёлу ўзялі для здымкаў, а здымкі праходзілі ва Украіне, у тым ліку ў замку пад Львовам, старажытныя драўляныя скульптуры, завезлі для здымкаў туды, знялі кіно, і там гэта ўсё пакінулі. Скульптуры там і засталіся. Існуюць яны там зараз, ці не існуюць, сёння невядома, але вось такі прыклад абыякавасці да ўласнай спадчыны.
Цалкам размова:
Беларускае Радыё Рацыя