BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Павел Мар’еўскі: Гісторыю пішуць смелыя людзі, у тым ліку беларускія добраахвотнікі ва Украіне

25 красавіка на плошчы каля помніка Ежы Папялушка ў Беластоку прайшла чарговая акцыя салідарнасці з Анджэем Пачобутам. Сярод прамоўцаў выступіў і госць з Варшавы, былы добраахвотнік ва Украіне, прадстаўнік Фонда Асацыяцыі беларускіх добраахвотнікаў Павел Мар’еўскі.

Мы пагутарылі з Паўлам Мар’еўскім пра тое, чым займаецца фонд зараз; чым адрозніваецца становішча беларускіх добраахвотнікаў у Польшчы пасля вайны ва Украіне ад іншых краін; ці маецца пагроза ад спецслужбаў Беларусі для добраахвотнікаў у Польшчы і ці гатовыя яны пайсці ў беларускую палітыку:

Мяне клічуць Павел Мар’еўскі, я нарадзіўся ў горадзе Рэчыца Гомельскай вобласці ў Беларусі. У 2020 годзе я далучыўся да каманды Святланы Ціханоўскай, першапачаткова Сяргея Ціханоўскага, да выбарчага штаба. У 2021 годзе мусіў пакінуць Беларусь, прыехаў у Польшчу. За што вельмі ўдзячны гэтай краіне, бо яна стала маёй другой Радзімай, у прынцыпе дала для мяне прытулак. Паколькі ў Беларусі на мяне ўжо “павесілі” шмат артыкулаў, мне пагражала турма. За тое, што я проста хацеў дэмакратыі ў краіне, і нейкіх зменаў да лепшага.

У 2022 годзе, у лютым, калі пачалася вайна, я адправіўся як валанцёр у горад Пшэмысль, і дапамагаў украінскім уцекачам. Я ім задаваў простае пытанне: хто вас бамбіць? Зяленскі ці Пуцін? Таму што беларускія і расейскія СМІ перадавалі інфармацыю скажоную. Я гэта ведаў, але хацеў пераканацца асабіста. Усе як адзін гаварылі: Зяленскі нас не забіваў, Зяленскі нас не чапаў, нас бамбіць Пуцін.

Калі я бачыў гэтых старых, жанчын, дзяцей, якія пакінулі сваю краіну, вымушана ўцякалі ад бамбёжак і смерці, я зразумеў, што не змагу спакойна хадзіць у бяспечнай Польшчы, спакойна хадзіць у рэстараны, кафэ. Я напісаў заяўку і адправіўся ў Полк Кастуся Каліноўскага. На той момант гэта была рота пры “Азове”. Улетку 2022 гады я звольніўся са службы па асабістых прычынах. Корань гэтай праблемы тады толькі зараджаўся. Цяпер калі вы сочыце за навінамі, тое, што адбываецца ў палку — гэта трэба было зрабіць яшчэ ў 2022 годзе, тады б з палка не сышлі б столькі людзей, у тым ліку і я. Калі б гэтыя структурныя змены адбываліся тады.

Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:

З “Госцем Рацыі» – прадстаўніком Фонда Асацыяцыі беларускіх добраахвотнікаў Паўлам Мар’еўскім, камунікавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя