Па меры набліжэння выбараў у Беларусі, усё больш увагі аддаецца Каардынацыйнай радзе Беларусі, на якую ўскладаюць надзеі правядзення альтэрнатыўных выбараў протапарламента для Новай Беларусі. Самай буйной фракцыяй КР выступае «Грамадзянская салідарнасць», у якую ўваходзяць экалагічныя, парамілітарныя, феміністычныя арганізацыі ды арганізацыі мясцовых супольнасцяў.

Наша карэспандэнтка Вольга Сямашка пагутарыла са спікерам фракцыі «Грамадзянская салідарнасць» Паўлам Патапавым пра тое, якая мэта ў фракцыі зараз, у чым палягае бягучая дзейнасць і як фракцыя рыхтуецца да хуткіх выбараў трэцяга склікання; якім чынам фракцыя кантактуе з Беларуссю, і чаго варта чакаць ад Украіны і Расеі ў справе пабудовы Новай Беларусі.
РР: Сама назва фракцыі “Грамадзянская салідарнасць” ці мае нейкія паралелі ці повязі з польскай “Салідарнасцю”, бо мы часта пра гэта кажам, што ў Польшчы была “Салідарнасць”, якая дапамагла вытрымаць гэты палітычны крызіс? Якая гісторыя назвы ў гэтай фракцыі?
Павел Патапаў: Я прапанаваў назву, гэта частковая пераемнасць з назвы фракцыі на Усходзе, раней называлася “Грамадзянская адказнасць”, а зараз называецца “Грамадзянская салідарнасць”. Наш падмурак, на якім мы збіраліся, гэта грамадзянства. Каштоўнасць грамадзянства. Кожны грамадзянін з’яўляецца палітычным суб’ектам і мае палітычныя правы. А з другога боку салідарнасць – гэта тое, што нас аб’ядноўвае. Акрамя таго, што мы як арганізацыя прасоўваемся і робім нейкую дзейнасць, мы яшчэ дапамагаем адзін аднаму. Для нас важна не толькі дабрабыт удзельніка, але і агульны. Таму так выйшла, што гэтыя два кампаненты зліліся і атрымалася “Грамадзянская салідарнасць”.
РР: Якія вашы галоўныя мэты і задачы ў сённяшняй дзейнасці фракцыі?
Павел Патапаў: Адна з асноўных мэтаў, якія мы ў фракцыі ставім, гэта рэфармаваць Каардынацыйную раду, таму гэта наш асноўны кірунак, які быў у гэтым скліканні.
РР: Наколькі ўсё атрымліваецца, бо хутка будуць выбары ў Каардынацыйную раду ? Вы самі асабіста пойдзеце, ці агулам уся фракцыя, ці ўдзельнікі як кандыдаты?
Павел Патапаў: Мы зараз як фракцыя вырашаем ці ісці на выбары. Калі ісці, то з кімсьці ці самім. Таму гэтае пытанне да канца не вырашанае. Мы змаглі зрабіць шмат чаго, што дэкларавалі. Мы намагаліся зрабіць з Каардынацыйнай рады орган грамадзянскага кантролю над умоўным Кабінетам ды іншымі структурамі, якія прэтэндуюць на лідарства. З дапамогай нашай фракцыі атрымалася зрабіць слуханні гэтага Кабінета. А таксама былі намаганні з Каардынацыйнай рады зрабіць пляцоўку, дзе б абмяркоўваліся важныя пытанні, напрыклад, пытанні палітвязняў.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя






