BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Павел Станкевіч: Трэба яшчэ ўсвядоміць, што і як прымаць пад нацыянальнае адраджэнне Беларусі

У Варшаве ў Музеі Вольнай Беларусі адбывалася анты-канферэнцыя “Belarusian ID Revival Days”. Арганізатарам выступіла прадстаўніцтва Аб’яднанага пераходнага кабінету па нацыянальным адраджэнні, якое і стала тэмай сустрэчы. У сустрэчы прымалі ўдзел беларускія актывісты, сярод якіх быў адзіны прадстаўнік Падляшша – кіраўнік фонду «Tutaka» Павел Станкевіч.

Ці атрымалася вывесці формулу беларускага Адраджэння, значэнне супольна прынятай дэкларацыі і месца ў ёй падляшскіх беларусаў, пра гэта Павел Станкевіч распавёў Вользе Сямашка:

РР: Раскажыце пра вашыя ўражанні ад удзелу ў анты-канферэнцыі.

Павел Станкевіч: Падзея даволі цікавая. Шмат хто прысутнічаў на гэтай канферэнцыі. Тое, што мне было найбольш важнае і я, на жаль, не атрымаў адказу, – як у ідэале павінна выглядаць нацыянальнае адраджэнне, і я не змог атрымаць адказу на пытанне: што такое нацыянальнае адраджэнне.

Тое, што я заўважыў, гэта, на жаль, такі ж падыход, які мы бачым і ў Польшчы. Гэта значыць, што мы як супольнасць увогуле не разумеем, спадзяюся, што не не хочам разумець, але проста не разумеем, розніцу паміж грамадзянствам і нацыянальнасцю.

І тут была такая блытаніна, на мой поглад, з’яднанне гэтых паняццяў. Што, напрыклад, мне заўсёды перашкаджае як прадстаўніку нацыянальнай меншасці ў Польшчы. Паводле польскай Канстытуцыі народ складаецца проста з жыхароў Польшчы, незалежна ад іх паходжання і канфесійнай прыналежнасці. Але ў Польшчы ёсць такое меркаванне, што польскі народ – гэта этнічныя палякі. Такое ж самае заўважаю ў падыходзе да нацыянальнага адраджэння ў Беларусі. Нібыта існуе задача запіхнуць у беларушчыну ўсіх жыхароў Беларусі. Канешне, з такім удакладненнем, што нашая нацыя шматкультурная і г.д. Ну не, проста я за тое, каб ствараць народ як твор дзяржаўны, дзе рэальна важнае месца нараджэння, але каб нацыю пазначаць без прыналежнасці да той ці іншай дзяржавы. З майго пункту гледжання толькі такім шляхам можам сапраўды будаваць сучасную дзяржаву, якая шануе правы і тоеснасці ўсіх сваіх грамадзянаў.

РР: То бок як гэта павінна выглядаць? Беларусь – гэта павінна быць краіна каго?

Павел Станкевіч: Беларусь, як і любая дзяржава, павінна выглядаць як дагавор сучасных жыхароў, якія вырашылі супольна ствараць краіну. Вядома, што заўсёды ёсць нацыя, якая становіцца большасцю і вакол гэтай нацыі будуецца галоўны наратыў. Гэтак сама, калі казаць пра дзяржаўную мову. Вядома, калі казаць пра Беларусь, тут дзяржаўнай павінна быць беларуская мова. Калі казаць пра Польшчу, вядома, тут будзе польская мова. Але мы павінны ствараць больш магчымасцяў для развіцця тоеснасці вось гэтых меншых нацый.

Тое, што я заўважаю ў Польшчы, акрамя таго, што ёсць канстытуцыйна забяспечанае права меншасці, але з другога боку вельмі часта ў мяне ёсць такія адчуванні, што захаванне гэтых меншасцяў гэта крыху такі падыход, як да карэнных жыхароў Амерыкі, вось вы давайце жывіце ў сваіх рэзервацыях і там паціху-паціху памірайце. Мы вам дапаможам захаваць вашую культуру, але толькі ў межах вашай супольнасці. Няма ніякіх жаданняў, каб культуры меншасцяў дадаваць у агульнадзяржаўны наратыў. Гэтыя мінусы, якія я бачу ў Польшчы, і яны нібыта транслююцца ў падыход і думанне пра новую дзяржаўнасць Беларусі, гэтай новай, свабоднай Беларусі. Гэтага мне, напэўна, не хапае. Паўтаруся, заўсёды будзе нацыя, якая фармуе агульны наратыў, але важна каб улічваліся меншасці.

Калі казаць пра гістарычны падыход – то гэта не падыход нацыі, гэта падыход дзяржаўнасці. І мы можам казаць пра тое, што адбывалася на тэрыторыі сучаснай Рэспублікі Беларусь, або на тэрыторыі сучаснай Рэчы Паспалітай Польскай. І тут вядома, што да гэтых падзеяў маюць дачыненні розныя нацыі. Не трэба казаць, што, напрыклад, Касцюшка насамрэч гэта паляк, або насамрэч ён беларус. Бо ў тыя часы гэтыя паняцці былі іншыя. Там рэальнае вызначэнне сваё тоеснасці было паводле месца нараджэння. І мы разумеем, што нацыі будаваліся і без удзелы дзяржаў.

Цалкам размова:

Беларускае Радыё Рацыя