
Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь заявіў пра тое, што супраць “так званых аналітыкаў Ціханоўскай” распачатая спецвытворчасць. У віну закідаецца “змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады ў Беларусі, дзейнасць у экстрэмісцкіх фармаваннях, распальванне варожасці”. Сітуацыю каментуе адзін з фігурантаў справы, палітолаг Павел Усаў:
– Улады вырашыўшы асноўныя задачы, звязаныя са стабілізацыяй сістэмы і з вынішчэннем актыву ў Беларусі, яны выйшлі на новы этап па ліквідацыі ўсёй той актыўнасці, якая ўзнікла, сфармавалася ці праявілася пасля выбараў 2020 года. У гэты спіс трапілі вядомыя аналітыкі. Тады пасля выбараў стварылася аналітычна-стратэгічная група з некалькіх чалавек. Думаю, што магчыма гэта павысіць аўтарытэт некаторых аналітыкаў. Яны і будуць каментаваць, гэта не на што не ўплывае.
Усяго ў спісе 20 спецыялістаў, якія знаходзяцца за мяжой Беларусі. Вядома, што механізм спецвытворчасці дазваляе ўладам Беларусі судзіць сваіх апанентаў завочна, калі тыя знаходзяцца за мяжой.
Беларускае Радыё Рацыя






