BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

«Паводле законаў ваеннага часу»

Над строгай паненкай Фемідай кпілі, колькі існуе судовая практыка: ад, мякка кажучы, “арыгінальных” рашэнняў да такіх, што стаяць па-за мяжой дабра і зла. Украінскі суд апраўдаў расейскага вайскоўца ў справе аб парушэнні законаў і звычаяў вайны падчас акупацыі Кіеўшчыны. Па версіі абвінавачання, ён пранік ў прыватны дом адной з вёсак Бучанскага раёну і выкраў адтуль рэчы — бытавую тэхніку і мужчынскае адзенне.

Здымак ілюстрацыйны

У першыя дні вайны гаспадары дома выехалі, пасля чаго ў ім пасяліліся акупанты. Паказанні ў судзе даваў сведка – сусед, які заставаўся ў вёсцы падчас акупацыі. Калі ўкраінскія вайскоўцы вызвалілі вёску, ён знайшоў на агародзе гаспадароў таблічку ад расейскага БТР-а з нумарам вайсковай часткі і прозвішчам асобы, адказнай за гэты БТР. Пасля поўнай дэакупацыі Кіеўскай вобласці беларускія Тelegram-каналы апублікавалі звесткі пра тое, як расейскія вайскоўцы адпраўлялі пасылкі ў паштовым аддзяленні Мазыра. На відэа зафіксавана, як яны заносяць з вуліцы вялізныя мяшкі і запаўняюць накладныя. Таксама былі абнародаваныя імёны акупантаў і звесткі пра колькасць і вагу пасылак.

Абвінавачаны адправіў пасылку ў Алтайскі край РФ, адкуль ён родам, з апісаннем скрадзеных «рэчаў». Суд лічыць, што сабраныя доказы пацвярджаюць знаходжанне абвінавачанага ў складзе акупацыйных войскаў на тэрыторыі гэтай вёскі і не ставіць пад сумнеў паказанні пацярпелых і сведкі. Аднак не бачыць дастатковых доказаў, што рэчы з дому скраў менавіта абвінавачаны, нягледзячы на ​​пералік рэчаў у накладной у паштовым аддзяленні Мазыра, таму акупанта і апраўдалі. Тым часам на тэрыторыі РФ украінскіх вайскоўцаў асуджаюць на 25-гадовыя тэрміны толькі за прыналежнасць да Сіл абароны Украіны. А ўкраінскія суды выносяць рэальныя прыгаворы сваім грамадзянам за куды менш значныя злачынствы. Як кажуць, паводле законаў ваеннага часу.

Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя