BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

ПЦ «Вясна» адзначыць 30-годдзе сваёй дзейнасці

26 красавіка 2026 года вядомы ў Беларусі і за яе межамі Праваабарончы цэнтр «Вясна» адзначыць 30-годдзе сваёй дзейнасці. Пра важнасць «Вясны» для беларусаў сведчыць факт арышту рэжымам і пакараннем вялікімі тэрмінамі ўсяго кіраўніцтва Цэнтра, яго супрацоўнікаў і ад´езд за мяжу амаль усіх супрацоўнікаў па прычыне пагрозы зняволення. Пра тое, як пачынала працу «Вясна» і што змянілася за 30 гадоў яе дзейнасці, мы пагаворым з нашым госцем, кіраўніком Берасцейскай абласной філіі Уладзімірам Вялічкіным.

Уладзімір Вялічкін
Уладзімір Вялічкін

РР: Якія галоўныя выклікі стаялі перад “Вясною” ў момант заснавання ў 1996 годзе?

Уладзімір Вялічкін: Выклікі стаялі не перад “Вясной” – яе проста тады не існавала. Але хачу сказаць, што 26 красавіка ў 1986 годзе адбылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС і менавіта 26 красавіка людзі выходзілі і выказвалі свае адносіны да гэтай падзеі і згадвалі пра гэтую трагічную дату міжнародныя супольнасці ў тым ліку. У 1996 годзе прайшла гэтая акцыя шматтысячная ў Менску, яна таксама праводзілася і па іншых гарадах Беларусі, у Берасці мы таксама арганізоўвалі нейкія акцыі з гэтай нагоды. Для мяне гэта асабліва важна, таму як у 1986 – 87 гадах я свае паўгода адпрацаваў у раёнах, пацярпелых ад Чарнобыльскай аварыі. І якраз у 1996 годзе ў Менску адбыліся затрыманні. Затрыманні былі па ўсёй Беларусі, але ў  Менску было арыштавана каля паўтысячы чалавек. Трымалі людзей у ангары, людзі знікалі і сваякі не ведалі, дзе яны знаходзяцца. І ўтварылася група энтузіястаў, якая пазней стала “Вясной-96” называцца. Але падобныя ініцыятывы існавалі ў шмат якіх гарадах Беларусі. “Вясна-96”, калі мінула пару гадоў, вырашыла аб’яднаць усе гэтыя ініцыятывы ў адну арганізацыю, і так і адбылося. У 1998 годзе я зарэгістраваў Берасцейскае абласное аддзяленне Праваабарончага цэнтру “Вясна”. Можна сказаць, што з 1998 года “Вясна-96” пераўтварылася ў ПЦ “Вясна”.

РР: Як змянілася сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі за гэтыя 30 гадоў?

Уладзімір Вялічкін: За гэтыя 30 гадоў сітуацыя ў Беларусі толькі пагоршылася. Калі напрыканцы 90-х нас арыштоўвалі, каралі штрафамі адміністратыўнымі, адказнасць была адміністратыўная. На сённяшні дзень мы бачым крымінальную, шмат каго па расстрэльных артыкулах прыцягваюць да адказнасці.

РР: У 2022 годзе заснавальнік “Вясны” Алесь Бяляцкі атрымаў Нобелеўскую прэмію міру. Як гэта паўплывала на працу Цэнтра і на ўспрыманне беларускага праваабарончага руху ў свеце?

Уладзімір Вялічкін: Я думаю, што гэта пачэсная ўзнагарода для Алеся Бяляцкага, але ён асабіста лічыць, што гэта заслуга ўсіх тых праваабаронцаў, якія змагаліся за правы чалавека ў Беларусі. Мы рабілі ўсё, каб Алесь Бяляцкі хутчэй выйшаў на волю. Мы лічылі і лічым, што ягоная асоба настолькі паважаная ў свеце, што гэта дасць пэўны імпульс для развіцця дэмакратыі і абароны правоў чалавека ў Беларусі, таму што ён можа сустракацца і звяртацца да шмат якіх кіраўнікоў краін у інтарэсах Беларусі.

РР: Як змянілася тэматыка працы “Вясны” на працягу 30 гадоў? Якія новыя напрамкі з’явіліся?

Уладзімір Вялічкін: Калі мы пачыналі праваабарончую дзейнасць у сярэдзіне 90-х, мы адстойвалі правы шэраговых грамадзян, дапамагалі людзям у кантактах, размовах з мясцовымі ўладамі, працадаўцамі, прадстаўлялі інтарэсы ў судах. Важна ўсё ж такі не забываць, што ПЦ “Вясна” ўтварылі сябры БНФ.  Пазней пачаўся пераслед грамадзян, пачалі прыцягваць да адказнасці па адміністратыўных артыкулах за ўдзел у масавых мерапрыемствах, за распаўсюд інфармацыі, за асацыяці. Пазней сітуацыя пагоршылася і зараз мы бачым, што мы вымушаны займацца не тым, каб дамагацца ад уладаў выканання нейкіх свабод грамадзянскіх, а проста бараніць ад жорсткага пераследу, бо людзі беспадстаўна абвінавачваюцца ў экстрэмізме, хтосьці – у тэрарызме, у здрадзе дзяржаве. Так змянілася сітуацыя, і ў нас былі ўжо расстрэльныя прысуды, прычым вельмі сумнеўныя, і не хацелася б, каб гэтая практыка далей развівалася. Мяне насцярожвае той факт, што Аляксандр Рыгоравіч ў Паўночную Карэю ездзіў. Мяркую, што не проста так, абменьваўся досведам, як утаймаваць грамадства цэлай краіны.

РР: Якія тэндэнцыі ў пераследзе праваабаронцаў і апазіцыянераў Вы можаце вылучыць?

Уладзімір Вялічкін: На ўзбраенне ўлады бяруць усё новыя і новыя спосабы ціску і пераследу не толькі праваабаронцаў, але і грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія не згодныя з курсам Аляксандра Рыгоравіча. Мы ж бачым, што зараз і дэпартуюць прымусова людзей з краіны, якія маюць іншыя погляды. Мала таго, здзекуюцца не толькі над імі, але і над іх сваякамі. Прымушаюць выязджаць цэлыя сем’і з краіны. У такіх умовах жыве грамадства. Калі далей казаць, то ўжо канфіскуюць маёмасць па надуманых прычынах, прадаюць яе. І тыя абвінавачванні, якія выстаўляюцца, яны высмактаныя з пальца. І робіцца гэта толькі дзеля таго, каб выціснуць з краіны беларусаў. Вось бачым, што выціскаюць з краіны не толькі актыўную частку грамадства, але ўжо ўзяліся за носьбітаў беларускай культуры. Пачалі ўжо кніжкі на беларускай мове пераправяраць, забараняюць для распаўсюду, канфіскоўваюць. Пераследуюць актывістаў, нядаўна пасадзілі музыку Алега Хаменку. І здаецца не яго аднаго. Такія тэндэнцыі.

Цалкам гутарка:

Беларускае Радыё Рацыя