У школе больш ідэалогіі. Так у Беларусі пачаўся новы навучальны год. Урачыстасці пачатку года прайшлі, а якая беларускіх школьнікаў чакае штодзённасць? Пра гэта сёння размова з нашымі гасцямі.

Нашы госці – прадстаўнік па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Баркоўскі ды прадстаўніца па моладзевай палітыцы і студэнцтве Маргарыта Ворыхава.
РР: Мінуў гэты час пасля 1-га верасня. Пачатак навучальнага году – такі ўзнёслы перыяд у Беларусі. Дзеці, кветкі, шасце, радасць, савецкая песенка «Учат в школе, учат в школа…» Якія сённяшнія вашыя ўражанні і адчуванні?
Павел Баркоўскі: Добра што вы згадалі гэты прыклад з савецкай песенкай, бо ён як раз паказвае наколькі старыя савецкія, каланіяльныя практыкі і дасюль працуюць у сістэме адукацыі Беларусі. Згадваючы сваё знаходжанне ў Беларусі, я памятаю, што і пачатак года і канец года, усе гэтыя «лінейкі» звычайна суправаджаюцца музычнымі нейкімі кампазіцыямі. Калі прааналізаваць той плей-ліст кампазіцый, то пераважная большасць з іх, акрамя таго, што расейскамоўныя і часам адсылаюць да савецкіх часоў, яны яшчэ і адпаведна фарматуюць свядомасць дзяцей пра тое, што практычна галоўнае – сам факт знаходжання ў школе, атрыманне адтуль нейкіх ведаў, кампетэнцыі, і той дысцыпліне, якой там вучаць.
На жаль, тое, што сёння назіраем, што адбываецца з беларускай школай, – гэта, канешне, рэчы, якія вельмі насцярожваюць, гэта не толькі, напрыклад, пра большы кантроль за дзецьмі, настаўнікамі, калі ім не дазваляюць карыстацца мабільнымі прыладамі. Гэта, здавалася б, дробязь, якую тлумачаць клопатам пра навучальны працэс, пра здароўе дзяцей, але па сутнасці, гэта адна з адзнак таго, што школу ператвараюць у нейкі рэжымны аб’ект.
РР: Маргарыта, хачу і вас далучыць да гэтай размовы. Якія ў вас інфармацыі ўвогуле пра тое, як распачалі ў Беларусі новы навучальны год?
Маргарыта Ворыхава: Насамрэч я крыху не пагаджуся з Паўлам, таму што я назіраю за гісторыямі сваіх сяброў і настаўнікаў, якія вось зараз гэтыя «лінейкі» праводзілі і дзяліліся пазітыўнымі эмоцыямі. Таму што насамрэч «лінейкі» – гэта, па-першае, крокі дзяцей у школы, гэта ўсё яшчэ застаецца даволі пазітыўным вопытам. Але я параўноўвала як гэты першы дзень праходзіць у Беларусі і, напрыклад, як у Польшчы. У Беларусі перашкласнікаў з першых крокаў садзяць за парты. У іх там па тры ўрокі на дзень. А ў Польшчы першы дзень, як толькі прайшла афіцыйная цырымонія, цябе адразу адпускаюць святкаваць з бацькамі і праводзіць гэты дзень у такой сямейнай атмасферы. Гэтая розніца для мяне больш важная.
Цалкам матэрыял:
У Беларусі сёння – больш за 2 тысячы 600 школ, там вучацца паўтара мільёна школьнікаў ды працуюць 102 тысячы настаўнікаў. У 2025/2026 навучальным годзе ў школы прыйшлі 90 тысяч першакласнікаў, што на 15 тысяч менш, калі параўноўваць з мінулым годам.
Беларускае Радыё Рацыя






