BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Пяць былых сілавікоў трапяць пад суд за падзеі 2020 года

Пяць былых сілавікоў прасілі сваіх калег не быць залішне жорсткімі. Цяпер ім пагражаюць велізарныя тэрміны. Імёны былых сілавікоў з Жодзіна Дзмітрыя Удовіна, Андрэя Дарошкі, Вячаслава Ільіча, Ігара Кісляка і Віталя Папроцкага з’явіліся ў раскладзе судоў.

Здымак ілюстрацыйны

12 жніўня 2020 года яны запісалі зварот да сілавікоў. Афіцэры звярталіся да былых калегаў і заклікалі іх зрабіць правільны выбар, «апомніцца і задумацца». «Выконваючы тыя загады, якія аддаюць вашы начальнікі, вы можаце аказацца саўдзельнікамі злачынстваў. Нельга збіваць людзей, якія проста вяртаюцца дадому з начной змены ці з працы», – адзначалася сярод іншага ў звароце.

Суд над пяццю былымі сілавікамі пачнецца 13 студзеня ў Менскім абласным судзе. Іх судзяць па двух артыкулах: «нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі» і «распальванне варожасці». Ім пагражае ад 5 да 12 гадоў калоніі.

Беларускае Радыё Рацыя