Пяць гадоў таму трапіў за краты Ігар Лосік. Стваральніка канала «Беларусь галаўнога мозгу» арыштавалі 25 чэрвеня 2020 года ў Баранавічах. Яму прысудзілі 15 гадоў зняволення і адправілі ў самую жорсткую калонію, наваполацкую, піша НН.

Лосіка ўключылі ў т. з. «справу Ціханоўскага», у якой сабралі блогераў і самых небяспечных для Лукашэнкі палітыкаў — Сяргею Ціханоўскаму ў выніку прысудзілі 18 гадоў калоніі, а Міколу Статкевічу — 14.
У СІЗА Лосік ладзіў некалькі галадовак. Ягоная жонка Дар’я Лосік давала інтэрв’ю замежным і беларускім незалежным медыя. У выніку ў кастрычніку 2022 года за гэта арыштавалі яе саму, прысудзілі 2 гады калоніі. Маленькая дачка Лосікаў засталася з бабулямі і дзядулямі. Падчас знаходжання за кратамі Дар’я падала на развод. У ліпені мінулага году Дар’я выйшла на памілаванні на месяц раней за прызначаны тэрмін.
Таксама летась быў арыштаваны Мікіта Лосік, брат Ігара. Яго абвінавачваюць па «справе Беларускага Гаюна», маніторынгавае групы, што адсочвала ваенную актыўнасць у Беларусі.
Беларускае Радыё Рацыя






