Сёння, 15 лістапада, спаўняецца роўна пяць гадоў, як беларускую журналістку Кацярыну Андрэеву трымаюць за кратамі. Яе затрымалі пасля стрыму ў дворыку «Пераменаў», дзе яна асвятляла акцыю памяці, прысвечаную Роману Бондарэнку, забітаму напярэдадні.

Спачатку Кацярыну і аператара Дар’ю Чульцову пакаралі 7 суткамі арышту, але пасля заканчэння тэрміну журналісткі не выйшлі на волю. На іх завялі крымінальную справу за арганізацыю дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак. Спачатку дзяўчын пакаралі двухгадовай калоніяй, а ў красавіку 2022 года Кацярыне прадставілі новае абвінавачванне — у здрадзе дзяржаве (ч. 1 арт. 356 КК). Цяпер яна адбывае 8 гадоў і 3 месяцы калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Былая палітзняволеная Ірына Слаўнікава на старонцы тэлеканала Белсат распавядае, што ўсмешка Кацярыны па-ранейшаму заварожвае, аднак яна моцна схуднела і вельмі перажывае за лёс палітзняволенага мужа, журналіста Ігара Ільяша, які быў затрыманы летась і пакараны за дыскрэдытацыю Беларусі. Кацярына таксама клапоціцца пра здароўе маці.
Беларускае Радыё Рацыя






