Малдаўскі блогер Габрыэл Кэлін вяртаўся з прэс-канфэрэнцыі з Аляксандрам Лукашэнкам аўтобусам Берасце-Варшава. Але мусіў вярнуцца назад у Беларусь.

«Палякі не пусцілі мяне ў краіну без тлумачэння прычын. Я прасіў дадатковых тлумачэнняў, але мне іх так і не далі», — напісаў Кэлін у сацсетках. Пазней у сацсетках блогера зъявіўся здымак на фоне самалёту «Белавія». Сам ён напісаў, што дзякуючы дапамозе сяброў з Расеі і Беларусі здолеў вырашыць праблему.
Падчас прэс-канфэрэнцыі Лукашэнкі 26 студзеня ў Менску Кэлін расказаў, што з Малдовы ў Беларусь яму дапамог трапіць расейскі прапагандыст Канстанцін Прыдыбайла.






