BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Польскі суд агучыў вырак украінцу, які параніў беларуса нажом «за вайну»

Люблінскі апеляцыйны суд вынес рашэнне па справе 34-гадовага ўкраінца Максіма В., які ў сакавіку 2022 года напаў на беларуса Яўгена Б. і нанёс яму некалькі нажавых раненняў, піша Mostmedia.io.

Фота: Fakt.pl

Упершыню прысуд у чатыры з паловай гады пазбаўлення волі ўкраінцу вынеслі яшчэ ў чэрвені. Але з ім не пагадзіліся ні абарона, ні абвінавачванне. У выніку ў апеляцыйным працэсе пракурор запытваў для нападніка ажно 12 гадоў турмы, а абарона выступіла за скарачэнне тэрміну да «ўсяго» паўтара года.

Нападнік і пацярпелы прыехалі ў Польшчу на заробкі, а пазнаёміліся падчас абавязковага каранціну ў вёсцы Казлоўка ў Люблінскім ваяводстве — гэта прыкладна за 30 кіламетраў ад Любліна.

1 сакавіка 2022 года Максім і Яўген вырашылі разам выпіць гарэлкі, але неўзабаве пасварыліся. У ходзе канфлікту ўкраінец нанёс беларусу два нажавыя раненні ў вобласць грудзей і рук. А потым прысвоіў рэчы Яўгена: тэлефон, кашалёк з гатоўкай і дакументы. Пазней украінец тлумачыў паліцыі, што прычынай рознагалоссяў нібыта стала вайна ва Украіне.

Падстаў для змякчэння пакарання суд не ўгледзеў, але пры гэтым улічыў, што канфлікт паміж украінцам і беларусам быў першым. Рашэнне суда цяпер канчатковае. Адзіная магчымасць яго абскарджання — касацыйная скарга ў Вярхоўны суд Польшчы.

Крыніца: Наша Ніва