У палітвязняў у калоніі напалову меншыя порцыі. Былы палітвязень Максім Сенік, якога вызвалілі 13 снежня 2025 года з турмы ў Беларусі і завезлі спачатку ва Украіну, а пасля ў Літву, распавёў пра ўмовы ўтрымання ў бабруйскай калоніі і гарадзенскай “амерыканцы”.

Улады Беларусі прысудзілі яму 4 з паловай гады па двух артыкулах – абраза Лукашэнкі і садзейнічанне “экстрэмісцкай” дзейнасці.
– Магу параўнаць турму і бабруйскую калонію. У Гародні нас у тысячу разоў горш кармілі, чым у Бабруйску. Але і ў Бабруйску ёсць свае нюансы. Так, смачней кармілі, але порцыі былі невялікія. І што хачу падкрэсліць, порцыі менавіта для палітычных заўсёды меншыя.
Паводле Максіма Сеніка, ён цярпеў яшчэ за кратамі ад сукамернікаў з-за свайго храпу, яму нават даводзілася ўскрываць сабе вены.
– У мяне са здароўем былі вялікія праблемы, а з-за майго здароўя былі канфлікты ў атрадзе. З-за таго, што я храпеў, то не даваў нікому спаць ноччу. З-за гэтага людзі моцна злаваліся. Многія не вытрымлівалі і пачыналі рабіць нейкія дзеянні. Білі мяне, каб я не спаў ноччу, каб яны маглі спаць, вадой палівалі.
Як кажа былы палітвязень Максім Сенік, за кратамі кожны сам за сябе. І дапамогу можна толькі чакаць палітычнаму вязню ад такога ж самага, як і ён. Не палітычныя вязні не тое што дапамагчы, баяцца нават пачаць размаўляць з палітвязнямі.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя






