Дыктатура – гэта зло. Ніколі не ведаеш, як сябе паводзіць і адкуль прыляціць. Нават самыя адданыя прыхільнікі могуць трапіць у непрыемную сітуацыю. Вось, напрыклад, у дэмакратычных краінах грамадзяне ведаюць пра свае правы. А менавіта пра свабоду слова, свабоду меркавання, свабоду сходах і г.д. І гэтыя правы даюць магчымасць для крытычнага мыслення і свабоды думак. У асаблівай ступені гэта датычыць чыноўнікаў, дэпутатаў, розных кіраўнікоў і сілавых структур. Пры дыктатурах у многіх з іх адключаецца ўвогуле крытычнае мысленне і пачынае працаваць толькі інстынкт самазахавання. А таму мысленне там адбываецца ў стылі: ці не будзе гэта ісці супраць рэжыму, а што падумаюць улады.

Мастак Уладзіслаў Бохан на днях зноў паказаў, наколькі можа адсутнічаць крытычнае мысленне ва ўмовах дыктатуры. Асабліва шкада, што гэта адбываецца ў сістэме адукацыі, калі настаўнікі мусяць несці светлае і добрае, а нясуць па выніку глупствы.
Беларускі мастак Уладзіслаў Бохан звярнуўся ў расейскія школы і прадставіўся даверанай асобай Пуціна і запатрабаваў, каб у школах размясцілі абвесткі пра сустрэчу з ім. А менавіта ён даслаў на электронныя адрасы ліст, дзе напісаў, што трэба правесці ў школах ідэалагічную акцыю і пра праведзенае мерапрыемства даслаць у доказ фота. І што вы думалі? Там сказалі, што школы не маюць дачыненне да палітыкі? Адмовіліся? Не, настаўнікі некаторых школ размясцілі фота мастака Уладзіслава Бохана на школьных інфармацыйных стэндах, нават не паглядзеўшы, што QR-код на плакаце вядзе на тэлеграм-канал мастака, не пачытаўшы нават, хто такі Уладзіслаў Бохан. Прозвішча Пуціна падзейнічала на настаўнікаў гіпнатычна. Цікава, калі ў наступны раз папросяць размясціць фота жабы як даверанай асобы Пуціна, то таксама размесцяць.
Юлія Сівец, Беларускае Радыё Рацыя