Старшыня канцэрна Беллегром Таццяна Лугіна заявіла, што нарэшце прадпрыемствы канцэрна перасталі пакутаваць ад канкурэнцыі з боку сэканд-хэндаў і крамаў стокавага адзення. Не прайшло, як кажуць, і пяці гадоў. Хаця насамрэч прайшло. Кампанію па барацьбе са стокам Лугіна разгарнула яшчэ ў 2019, калі толькі прыйшла на пасаду.

Гэта значыць, для таго, каб Беллегпрам перастаў пакутаваць, спатрэбіліся драконаўскія законы для ІП-шнікаў, якія гандлююць адзеннем. Спатрэбіліся бясконцыя праверкі «сэкандаў», спатрэбіўся, у рэшце рэшт, сыход з рынку шматлікіх сусветных брэндаў з-за санкцый.
Вось і пытанне, а ці каштавала яно таго? Можа, трэба было рэфармаваць сам Беллегпрам, а не ўсё вакол яго? А то атрымліваецца, што ў большасці сваёй прадпрыемствы канцэрна шыць лепш не сталі, проста ў пакупніка моцна паменшыўся выбар.
Сапраўды, стаў бы пакупнік адмаўляцца ад беларускага адзення, калі б яно было якаснае, стылёвае, і пры гэтым таннае? Думаю, што не.
Я часта гляджу, чым новым збіраюцца парадаваць пакупніка Славянка, Купалінка, Світанак і іншыя прамысловыя гіганты. Шчыра скажу – сустракаюцца ў каталогах цікавыя рэчы. Толькі каштуюць яны, як крыло ад самалёта. А вось у бюджэтным сегменце выбар, прама скажам, кульгае на дзве нагі.
Так што справа не ў канкурэнцыі, а ў адсутнасці годных прапаноў.
Беларускае Радыё Рацыя