Уладзімір Каранік – той самы, які быў міністрам аховы здароўя падчас пандэміі каронавірусу, вырашыў накарміць аленяў пратэрмінаванай і сапсаванай гароднінай і садавіной. Аднак нават алені Караніку не паверылі і адмовіліся есці сапсаваныя прадукты.
![](https://racyja.com/by/wp-content/uploads/2024/01/frukty-dlja-olenej.webp)
Уладзімір Каранік як кіраўнік міністэрства аховы здароўя запомніўся беларусам падчас пандэміі не самым лепшым чынам. У прыватнасці, пытанні паўставалі наконт афіцыйнай статыстыкі хворых і памерлых ад каронавірусу. Атрымаць ад мінаховы здароўя статыстыку па гарадах было немагчыма. А пра першыя смяротныя выпадкі ўвогуле паведаміў не Каранік як кіраўнік міністэрства, а журналісты. А яшчэ Каранік не падтрымаў медыкаў падчас акцыі супраць гвалту 12 жніўня 2020 года і ўвогуле назваў дадзенае мерапрыемства “зрэжысаваным.” Карацей, пандэмія і падзеі 2020-га года паказалі, што Каранік далёкі ад народу.
Цяпер, як выявілася, ён далёкі нават ад аленяў. Як паведамляюць мясцовыя СМІ, Уладзімір Каранік, які цяпер з’яўляецца кіраўніком Гарадзенскай вобласці, прывёз для аленяў 2,5 тоны сапсаванай гародніны і садавіны. Аднак жывёлы падарунак былога кіраўніка мінаховы здароўя і цяперашняга кіраўніка Гарадзенскай вобласці не ацанілі. “Ешце самі гуркі і апельсіны з цвіллю”, – падумалі, відаць, алені і не сталі каштаваць прывезеную садавіну і гародніну. А вось інтэрнэт-карыстальнікі нават напісалі, што многіх жывёлам цытрусавыя нельга ўжываць. Так жа, як і садавіну ды гародніну з цвіллю. Аднак, калі чалавеку было ўсё роўна, ці маюцца сродкі засцярогі для медыкаў у дастатковай колькасці падчас пандэміі, то дзіўна чакаць іншага стаўлення да аленяў.
Юлія Сівец, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Hrodna.life