BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Пра беларускіх студэнтаў, якіх зноў накіравалі на “будаўніцтва камунізму”

Савецкая мара жыве, і не дзесьці ў архівах ці дакументах, а ў беларускім міністэрскім кабінеце, дзе хто-небудзь, напэўна, натхнёна ўсклікнуў: “А давайце зноў на БАМ!” — і не ў сэнсе паглядзець дакументальны фільм.

Не, беларускія студэнты зноў паедуць будаваць Байкала-Амурскую магістраль. У 2025 годзе. У Расеі. Калі ўсё чалавецтва ўжо перайшло на Zoom і штучны інтэлект, беларускія студэнты зноў едуць на БАМ. Так і хочацца запытацца: а што далей? Моладзевы працоўны дэсант на цаліне? Добраахвотныя суботнікі на Камчатцы?

Усяго на БАМ паедзе каля 50 студэнтаў. Можа і няшмат, але дастаткова, каб у інфармацыйнай прасторы разнеслася духмяная хваля настальгіі па “чырвонай кашулі з вымпелам”. Здаецца, што ўлады настолькі захапіліся “гістарычнай памяццю”, што вырашылі: няма лепшага спосабу патрыятычнага выхавання, чым даць студэнту рыдлёўку, шчырае слова “ўра” і білет у адзін канец на Сібір. Калі ўжо гаварыць сур’ёзна — што гэта за сімптом? Гэта калі дзяржава замест сучасных стажыровак і навыкаў дае моладзі савецкія шаблоны з раздзелу “архіўныя ілюзіі”.

Карацей, на БАМ – зноў БАМ! На дварэ XXI стагоддзе, але відаць, недзе ў пэўных кабінетах часы спыніліся ў 1985-м. І калі беларускі студэнт сядзіць з кавай на занятках і марыць пра адпачынак, яму раптам кажуць: “Пакуйся — ты нам патрэбны на магістралі дружбы!” Шкада толькі, што гэтае сяброўства ўсё больш нагадвае рэйкі, па якіх хтосьці вельмі ўпэўнена вязе нас не наперад, а назад.

Марыля Загорская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: krasnoe.tv