Міжнародны дзень роднай мовы адзначаецца з мэтай усвядоміць моўныя і культурныя традыцыі. Аднак не для ўладаў Беларусі. Для іх родная мова дакладна не беларуская.

Напярэдадні дня роднай мовы розныя прапагандысцкія рэсурсу РБ пачалі распаўсюджваць заяву, што даследаванне, паводле якога большасць жыхароў Беларусі выступаюць супраць далейшай русіфікацыі, непраўдзівае. Нагадаю, паводле незалежнага даследавання беларускіх сацыёлагаў Філіпа Біканава і Канстанціна Несцяровіча “Беларуская ідэнтычнасць у 2024 годзе”, беларусы не хацелі б далейшай русіфікацыі, а больш за 20% лічаць, што беларускай мовы ўвогуле павінна быць болей. Падавалася, добрая тэндэнцыя для беларускай мовы, якая адносіцца да той мовы, якая патэнцыйна знікае. Аднак прапагандысты назвалі даследаванне “ліпавымі галасавалкамі ў інтэрнэце для далейшага хайпу і маніпуляцый”.
Па-першае, як той казаў, хто б і навучаў, а ты б лепей памаўчаў. Лепей бы паглядзелі, як падлічвае ЦВК выбары ў Беларусі. Вось дзе сапраўдны ліпавы падлік галасоў. А па-другое, што для прапагандыстаў, што для ўладаў РБ беларуская мова не з’яўляецца каштоўнасцю. Яны нават не вераць, што па-беларуску можа хтосьці размаўляць дома. Яны спяць і сняць пушкіных з данцовымі. Таму гавораць пра моўную варажнечу. Таму і прыбіраюць беларускамоўныя класы, забараняюць беларускую літаратуру і незалежныя даследаванні. А ўвогуле прапагандысцкія рэсурсы РБ, відаць, так спалохаліся вынікаў даследавання, што пайшлі па класічнай схеме: “Калі факты нам не падабаюцца – адменім факты!”
Марыля Загорская, Беларускае Радыё Рацыя






