З 1 сакавіка могуць быць узмоцненыя паўнамоцтвы ўладаў на месцах. Адпаведны ўказ збіраецца падпісаць саміведаецехто. Паводле дакумента старшыні райвыканкамаў будуць узгадняць не толькі кіраўнікоў тэрытарыяльных органаў, але і кіраўнікоў ключавых арганізацый раёна ўсіх форм уласнасці.

Нарэшце амбіцыі старшынях райвыканкамаў будуць пацешаныя. Нарэшце яны адчуюць сябе царамі ў сваім раёне. Гэта ж цяпер дырэктар любога прадпрыемства будзе вызначацца кім? Старшынёй райвыканкама. Гэта ж колькі хабару можна атрымаць. Цяпер ніхто слова кепскага не скажа ў твар. Бо інакш ніколі не стане дырэктарам прадпрыемства. Такі сабе царок на месцы, ад якога залежаць усе.
А яшчэ старшыні райвыканкамаў будуць вызначаць кіраўнікоў розны прыватных фірм. І хоць кіраўнік адміністрацыі саміведаецекаго паабяцаў, што дырэктараў цырульняў і невялікіх аптэк прызначаць не будуць, аднак хто ж яму паверыць. Калі патрэбна будзе нейкаму старшыні райвыканкама прызначыць свайго чалавека ў цырульню ці аптэку, то ён гэта зробіць, не задумваючыся. Бо царам на месцах можна ўсё.
Цяпер не ўменні і адукацыя будуць вызначаць кар’еру беларусаў, а добрыя стасункі з райвыканкамам.
Марыля Загорская, Беларускае Радыё Рацыя
Малюнак: dzen.ru






