Падчас чырвонага тэрору, арганізатарам якога быў Фелікс Дзяржынскі, было расстраляна ад 140 тысяч да 500 тысяч чалавек. У многіх з расстраляных былі сем’і. А гэта значыць, што дзеці расстраляных падчас чырвонага тэрору засталіся сіротамі. Відаць, у памяць пра гэтых дзяцей, якія засталіся без родных падчас тэрору, і назвалі цэлую адукацыйную ўстанову ў Беларусі. Ліцэю БДУ прысвоена імя Фелікса Дзяржынскага – таго самага, які з’яўляецца арганізатарам чырвонага тэрору. Заўважце, не ў гонар Быкава, 100-годдзе якога акурат адзначаецца ў гэтым годзе. Не ў гонар Багдановіча ці Караткевіча. Не кажучы ўжо пра нобелеўскую лаўрэатку Святлану Алексіевіч. А ў гонар арганізатара чырвонага тэрору Фелікса Дзяржынскага, на руках у якога смерці 140 тысяч чалавек. У параўнанні з ім самыя страшэнныя маньякі ў гісторыі чалавецтва проста гуманісты.

А ўвогуле, цікава, што будуць распавядаць навучэнцам ліцэя БДУ настаўнікі пра чалавека, у гонар якога названая адукацыйная ўстанова? Што быў добрым чалавекам, а чырвонага тэрору насамрэч не было? Проста цудоўная педагагічная праца настаўнікаў, якія будуць навучэнцам на асабістым прыкладзе паказваць, што можна маніць. Альбо скажуць усё-такі праўду, але як тады патлумачаць, чаму ў гонар маньяка назвалі ліцэй? Хаця, улічваючы, што назваць ліцэй у гонар Дзяржынскага прасілі самі настаўнікі, то будуць усё-такі распавядаць пра белага і пухнатага Фелікса Эдмундавіча. Хочацца толькі спадзявацца, што метадам Дзяржынскага дзяцей вучыць не будуць.
Беларускае Радыё Рацыя






