BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Пра далейшае развіццё прапаганды

Мінінфармацыі падвяло вынікі працы за 2024 год. Зразумела, на пасяджэнні не было ні слова пра цэнзуру, арышты журналістаў і парушэнні права на свабоду слова. Міністэрства лічыць, што яны белыя і пухнатыя, і ўвогуле ў іх усё выдатна.

Пачытаць навіны пра іх вынікі, дык атрымліваецца, што ў Беларусі ледзь не найлепшае міністэрства інфармацыі. І рэгіянальныя СМІ яны развіваюць, і недзяржаўных СМІ ў Беларусі больш за палову. Ды яшчэ міністр Мінінфармацыі сабраўся стымуляваць аўтарскую журналістыку і развіваць блогасферу.

Невядома, што яны збіраюцца развіваць, калі на сайце мінінфармацыі знаходзіцца спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, які займае больш за 1.5 тысячы старонак. І лайкі, перадрукі інфамармацыі і каментарыі на  рэсурсаў, якія ўваходзяць у спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, могуць прынесці цяжкія наступствы. За гэта затрымліваюць, кідаюць за краты і штрафуюць. Не кажучы ўжо пра блогераў, многіх з якіх затрымалі і таксама кінулі за краты.

Большасць незалежных журналістаў і блогераў з прычын пераследу вымушаная была эміграваць з краіны. А міністр Мінінфармацыі Марат Маркоў кажа пра развіццё аўтарскай журналістыкі і блогасферы. Хутчэй у цяперашняй Беларусі гаворка ідзе не пра аўтарскую, а цэнзураваную і падкантрольную журналістыку і блогасферу. А гэта ў прынцыпе даказваюць і словы самога міністра, што большасць удзельнікаў форуму блогераў удзельнічалі ў прапагандысцкім марафоне адзінства, мэта якога была толькі адна – паказаць, як усе любяць саміведаецекаго. Так што, можна сказаць, што мінінфармацыі збіраецца развіваць фанатаў саміведаецекаго, якія будуць ствараць патрыятычныя блогі пад дыктоўку.

Марыля Загорская, Беларускае Радыё Рацыя

Малюнак: euvsdisinfo.eu