Міністэрства адукацыі зацвердзіла факультатыў “Вайсковы пераклад” па вучэбным прадмеце “Англійская мова”. Калі вы думаеце, што гэта чыйсьці жарт, то гэта не так. Адпаведная пастанова з’явілася на сайце pravo.by.

То бок, заўважце, падобны факультатыў уводзіцца менавіта ў школах, няхай сабе і спецыялізаваных, але школах. У пастанове даецца і тлумачэнне, што запланавана ў межах факультатыву. А гэта, у тым ліку, пераклад допытаў ваеннапалоннага і вывучэнне агульнай інфармацыі пра ўзброеныя сілы і ўзбраенне ЗША і Вялікабрытаніі. Улічваючы страшэнную сітуацыю з вывучэннем замежных моў у беларускіх школах, а таксама адсутнасць нейкіх сувязяў з узброенымі сіламі ЗША ці Вялікабрытаніі, увядзенне факультатыву “Вайсковы пераклад” — гэта акурат тое, што спатрэбіцца ў жыцці. Паедзе навучэнец на адпачынак з бацькамі ў якую Турцыі і замест таго, каб размаўляць з аднагодкамі пра камп’ютарныя гульні ці кнігі, будзе гаварыць у стылі вядзення допыту ваеннапалоннага. Альбо паразмаўляе пра адрозненні вайскоўцаў ЗША і Вялікабрытаніі. Вельмі карысныя веды. Лепш ужо пра London is the capital of Great Britain паразмаўляць.
А самае галоўнае, пераклады ў межах факультатыва “Вайсковы пераклад” будуць рабіць на расейскую мовы. У пастанове мінадукацыі так і пазначана: пісьмовы пераклад вайсковых і вайскова-тэхнічных тэкстаў з англійскай мовы на рускую. То бок мала таго, што большасці вучняў вайсковая англамоўная лексіка ў бліжэйшы час наўрад ці спатрэбіцца ў рэальным жыцці. Тут турыста англамоўнага паспрабуй знайдзі ў якім райцэнтры, не кажучы ўжо пра ваеннапалоннага. Дык яшчэ і вайсковы пераклад будзе не на родную мову.
Юлія Сівец, Беларускае Радыё Рацыя