Нядаўна суд у Беларусі прызнаў экстрэмісцкім сайт ініцыятывы «Права на абарону». Гэты праект піша пра пераслед адвакатаў і адвакатуру ў Беларусі.

І вось які экстрэмізм у кубе атрымліваецца: адвакат абараняе ў судзе экстрэміста, сам за гэта аказваецца ў калоніі, і трапляе ў спіс экстрэмістаў. І вось зараз пра ўсё гэта піша экстрэмісцкі сайт і тэлеграм-канал. Калі падпіску на яго знойдуць у вас у тэлефоне, то з некаторай доляй імавернасці вас з часам таксама прызнаюць экстрэмістам.
Вось такая наша сумная беларуская рэчаіснасць – улады самі плодзяць экстрэмістаў, здаецца, хутка такім прызнаюць нават світанак у белым ранішнім небе. Бо «БЧБ».
А ўсё чаму? А таму, што чыноўнікі працягваюць баяцца ісціны. Настолькі, што ўжо само Міністэрства інфармацыі час перайменаваць у Міністэрства барацьбы з экстрэмізмам. Ці нават у Міністэрства праўды. У вялікіх-вялікіх двукоссях, як вядомым рамане Джорджа Оруэла.
Беларускае Радыё Рацыя






