BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Пра фейкавых камуністаў

Камуністы Расеі прапанавалі абвясціць святога Валянціна фейкавай персонай. 

Заўважце, гэта сказалі тыя, хто выступае супраць пахавання Леніна, труп якога вось ужо стагоддзе ляжыць у маўзалеі на ўсеагульным аглядзе. То бок святы Валянцін, які нічога кепскага нікому не зрабіў ды яшчэ з’яўляўся і пакутнікам, – гэта фейк. А Ленін, які не толькі быў ідэолагам камунізму і дыктатуры пралетарыяту, але яшчэ і абгрунтаваў чырвоны тэрор, – гэта маральны аўтарытэт.

Вось не дае гэты дзень святога Валянціна спакойна спаць не толькі ўладам Беларусі, але і расейскім камуністам, які назвалі гэты дзень сумнеўным святам, навязаным моладзі заходнімі медыя.

Канешне, свята кахання з цікавым антуражам і легендай нашмат цікавей для моладзі, чым святкаванне кастрычніцкай рэвалюцыі, якая да таго ж яшчэ адзначаецца ў лістападзе. Сэрцы і розныя мілыя падарункі куды прыемней за згадкі пра штурм Зімовага палаца п’янымі матросамі. 

Вось што прынесла Кастрычніцкая рэвалюцыя акрамя чырвонага тэрору, галечы і дыктатуры на многія гады? Нічога. Што кепскага зрабіў Святы Валянцін? Нічога. Наадварот, яго абезгаловілі за адмову адрачыся ад Хрыста. А паводле легенд, Святы Валянцін нават вянчаў закаханыя пары.

Цалкам зразумела, што дзень Святога Валянціна, які цяпер з’яўляецца свецкім святам і нясе любоў і каханне, знайшоў водгук у моладзі па ўсім свеце. Ды і не толькі моладзі. А вось расейскія камуністы заклікаюць забараніць гандляваць выявамі чалавечага сэрца, бо сэрца — гэта не тавар. Ну, канешне, валянцінка ў форме сэрца – гэта вялікае зло. А памерлы Ленін, якога стагоддзе пахаваць не могуць, – гэта вельмі прыгожа і маральна. І, галоўнае, заходнімі медыя не навязанае.

Юлія Сівец, Беларускае Радыё Рацыя