Шорты на кіроўцах маршрутак у Віцебску – вось самая вялікая праблема ў Беларусі. Іншыя ўсе, відаць, вырашылі. Вось цяпер дайшла чарга да адзення вадзіцеляў маршрутных таксі на Віцебшчыне. Цяпер там нельга ездзіць у шортах, спартовым ці хатнім адзенні і пляжных майках. Ведаеце, што парэкамендавалі кіроўцам маршрутак? Цёмны ніз і светлы верх. Проста нейкая школа, а не маршруткі. Хутка яшчэ ўвядуць адзінае адзенне для кіроўцаў маршрутак, як у школах. Абавяжуць, як школьнікаў насіць трыкатажныя камізэлькі і нашыўкі. А пасля кіроўцаў маршрутак чарга і да ўсяго насельніцтва дойдзе. Каб усе былі, як у паўночнай Карэі – аднолькавыя. Чорны ніз і белы верх. І ніякіх там рваных джынсаў, світшотаў ці спартовых штаноў. Толькі дзелавы стыль адзення. Такое адчуванне, што ў Беллегрпрама на складах шмат дзелавога адзення для дарослых завалялася. Вось і ўводзяць патрабаванне наконт белага верху і цёмнага нізу для дарослых кіроўцаў маршрутных таксі.
А яшчэ хутка ў Віцебску будзе праходзіць Славянскі базар і нейкі форум рэгіёнаў Расеі і Беларусі. А таму ўсё мусіць быць не толькі чысценька, але і прыгожанька. Праўда, прыгожанька ў разуменні ўладаў Беларусі. Таму і патрабаванні аб белым верху, цёмным нізе для кіроўцаў маршрутак. А тое ж прыедуць госці з саюзнай дзяржавы. Як гэта яшчэ не абавязалі кіроўцаў таксі гасцей з усходу хлебам і соллю сустракаць. Але, яшчэ не вечар, дакладней, не Славянскі базар. Глядзіш, на час правядзення жыхароў Віцебска абавяжуць у святочнае адзенне надзецца.
Беларускае Радыё Рацыя