BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Пра год добраўпарадкавання

Усходні каляндар заснаваны на дванаццацігадовым цыкле. Кожны год звязаны з нейкай жывёлай. А менавіта з пацуком, быком, тыграм, трусікам, цмокам, змяёй, кабылай, авечкай, малпай, пеўнем, сабакам і свіннёй. Паводле ўсходняга календара цяпер год змяі. Аднак улады Беларусі вырашылі, відаць, вынайсці свой ровар, а дакладней, свой каляндар – і кожны год называюць неяк асабліва. Добра, што яшчэ летазлічэнне не змянілі. Ці не прыдумалі дадатковы дзень тыдня. Так сказаць, ва ўсіх сем, а ў нас будзе восем дзён у тыдні.

2025-ы год улады Беларусі абвясцілі годам добраўпарадкавання. Дарэчы, год добраўпарадкавання быў ужо ў 2003-м. Іншыя гады былі названыя, напрыклад, годам культуры, ці годам моладзі, годам здароўя. Год якасці ўжо паўтараўся двойчы. А год малой радзімы паўтарылі ажно тройчы, відаць, каб ніхто не забыўся: у 2018, 2019 і 2020. А самыя цынічныя назвы былі ў 2021, 2022 і 2023. Год народнага адзінства, год гістарычнай памяці і год міра і стварэння.

Навошта ўсе гэтыя назвы і што яны даюць – мала хто ведае і разумее. Калі ўсходні каляндар з 12 жывёламі ўзнік даўно і заснаваны на легендах, то ўсе гэтыя гады якасці і добраўпарадкавання ад уладаў Беларусі не маюць аніякага падмурку. Ды і графічнай выявы таксама не маюць. Змяю з цмокам прынамсі намаляваць можна прыгожа. А якую ілюстрацыю падабраць да году якасці ці году беражлівасці? Аднак усё гэты было смешна, калі б не было так сумна. Справа ў тым, што ў год добраўпарадкавання, паводле ўладаў Беларусі, мусіць быць актывізаваны валанцёрскі рух і рэалізаваныя грамадзянскія ініцыятывы. Пасля таго, як сотні арганізацый ліквідавалі, дзясяткі абвясцілі экстрэмістамі ці экстрэмісцкімі фармаваннямі, самы час актывізаваць валанцёрскі рух. 

Марыля Загорская, Беларускае Радыё Рацыя