BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Пра ідэалагічную дыверсію ў Віцебску

Што рабіць, калі кніга з творамі беларускага класіка ХІХ стагоддзя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча прызнаецца экстрэмісцкай, а фільм пра класіка ХХ стагоддзя Янку Купалу дагэтуль ляжыць на палічках праз цэнзуру? Правільна, ставіць помнікі расейскаму нобелеўскаму лаўрэату Івану Буніну. Цікава, што пры гэтым двое жывых беларускіх нобелеўскіх лаўрэатаў усяляк пераследуюцца ўладамі: Святлана Алексіевіч знаходзіцца ў вымушаным выгнанні, а Алесь Бяляцкі – за кратамі за сваю праваабарончую дзейнасць. Затое расейскім класікам – дарога і павага. І няхай той жа Бунін ніякім бокам да Беларусі не адносіцца. Хіба праездам толькі быў. Затое мясцовыя падхалімы радыя з портак выскокваць, каб паказаць лаяльнасць вялікаму брату.

Здымак: сайт Віцебскага гарадскога выканаўчага камітэта

Зрэшты, помнік Івану Буніну – гэта, можа быць, ідэалагічная дыверсія? Насамрэч віцебскія ўлады, якія далі дазвол на гэты помнік, як бы нам усім сігналізуюць, што ўшанаванне аўтара жорсткага антыбальшавіцкага твору «Акаянныя дні» спроба паказаць знешняму свету тое, што акаянныя дні цяпер наступілі і ў Беларусі. У такім разе помнік Івану Буніну, які ўцёк з краіны саветаў і быў для тагачасных кіраўнікоў «збеглым», з’яўляецца як бы намёкам пра змаганне з іншадумствам у сінявокай. Хаця, як трапна адрэагаваў на помнік барадатаму мужчыну адзін ананімны чытач аднаго экстрэмісцкага выдання: «Дык гэта ж Стэфан Баторы!» І сапраўды пры ўважлівым разглядзе скульптуры міжволі ўзнікае асацыяцыя з нашым каралём, які граміў маскавітаў дзе толькі можна.

Беларускае Радыё Рацыя