BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Пра картошкіных замест блогераў

У Гомелі адбылася падзея амаль гістарычная — спатканне “Кропкам росту быць! Кропкам росту жыць!”.

 Падзея была ініцыяваная як блогерскі форум, а пераўтварылася, як звычайна ў інструктаж пра тое, што трэба быць лаяльным. Асабліва, калі гаворка ідзе пра Прывалава – кіраўніка гарвыканкама. І гэта не дзіўна: сам старшыня гарвыканкама прыйшоў, у атачэнні, натуральна, старшыні гарадскога Савета дэпутатаў і пільнага погляду на тэлефоны прысутных.

Галоўным героем сустрэчы нечакана стаў нейкі Міша Картошкін, які ўзняў пытанне, якое даўно хвалявала гарадскую грамадскасць: чаму людзі яшчэ не падпісаліся на тэлеграм-канал кіраўніка гарвыканкама Гомеля? Відаць, на думку Картошкіна гэта асноўная кропка росту. А самае галоўнае, гэта, каб як мага больш гомельцаў падпісаліся нарэшце на канал Прывалава. Бо без гэтага ўлады Гомеля, відаць кропак росту ўвогуле не ўяўляюць. А, можа, гаворка пра рост тэлеграм-канала Прывалава? 

А яшчэ Картошкін прапанаваў жыхарам горада не агучваць праблемы ў сацыяльных сетках. Замест таго, каб пісаць пра дзірку ў асфальце, відаць, трэба паставіць лайк пад фотаздымкам старшыні гарвыканкама на фоне кветніка. А калі і гаварыць — то толькі правільныя каментары. Напрыклад: “Дзякуй за асфальт, нават калі яго ўсё ж не будзе!” Застаецца толькі дадаць: Гомель, як і ўся Беларусь, упэўнена крочыць у будучыню — з падпісчыкамі замест актывістаў, з маўчаннем замест журналістыкі і з картошкінымі замест блогераў. 

Марыля Загорская, Беларускае Радыё Рацыя

Малюнак: shutterstock.com