BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Пра “карысных ідыётаў”

Яны бываюць розныя: адны – падыгрываюць ворагу, самі таго не ўсведамляючы; іншыя – не могуць утрымацца, каб не ўставіць сваё “кампетэнтнае” меркаванне пад допісамі пра вайну ва Украіне; трэція лічаць сябе «праўдарубам» у пытанні метадаў мабілізацыі; чацвёртыя – направа і налева раздаюць парады наконт тактыкі вядзення баявых дзеянняў.

Фота: kyiv.comments.ua

Але іх аб’ядноўвае адно: яны дзеляцца сваімі думкамі не на кухні з сям’ёй ці сябрамі, а перад мільённай аўдыторыяй.

Украінскую інфармацыйную прастору захапілі, калі не сказаць – акупавалі, сотні разнастайных “экспертаў”. Людзі, што яшчэ нядаўна публічна выступалі на тэму каронавірусу, цяпер імкліва перакваліфікаваліся ў спецыялістаў па ваеннай справе. Як правіла, безапеляцыйныя сцвярджэнні сведчаць пра нізкі ўзровень кампетэнцыі. А эмацыйны попыт аўдыторыі найлепш задавальняюць менавіта такія псеўдаэксперты, якія часта выконваюць ролю “карысных ідыётаў”. 

Аднак яшчэ больш разбуральныя наступствы для краіны, якая ваюе, маюць заявы некаторых народных дэпутатаў Украіны. На прыкладзе цынічных ракетных удараў у нядзелю па цэнтры Сум – бачым, як адно неўважлівае (а мо і свядомае?) выказванне ператвараецца ў інструмент варожай прапаганды.

Менавіта на гэтую заяву асобы з дэпутацкім мандатам цяпер спасылаецца расейская прапаганда, апраўдваючы ваеннае злачынства: маўляў, расейцы білі па Сумах, бо там нібыта павінны былі ўзнагароджваць вайскоўцаў. Прапагандыстка Сіманьян нават падзякавала гэтай асобе з дэпутацкім мандатам за тое, што тая “дапамагла” – свядома ці не – іхняй агрэсіўнай рыторыцы, прызнаўшы, што ў Сумах было “вялікае скопішча тых самых вайскоўцаў, што катавалі нашых людзей у Курску».

Карысны ідыёт – народны дэпутат Украіны – памылкова мяркуючы, што клапоціцца пра абараназдольнасць сваёй дзяржавы, насамрэч памыляецца выключна на карысць ворага. Прычым робіць гэта сістэмна, паслядоўна і вельмі настойліва. І галоўнае – у патрэбны момант.

Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя