Тэма дня – размова пра тое, ці патрапіў у базу вышуку РФ. Больш за 1200 грамадзян Беларусі раптам сталі крымінальнікамі і знаходзяцца не толькі ў базе вышуку ў Расеі, але і ў Беларусі.

На практыцы гэта азначае, што паездка ў многія краіны свету можа апынуцца затрыманнем і дэпартацыяй. Так, на бліжэйшы час давядзецца забыцца на Турцыю, Егіпет, Грузію, Арменію, Кітай, Марока і іншыя краіны Азіі і Афрыкі. А самае галоўнае, усе, хто патрапіў у базу вышуку, дакладна не ведаюць, за што. Можна толькі на кававай гушчы варажыць, каб даведацца нумар крымінальнай справы ці артыкул. Можа быць, прычына ў лайках, ці падпісках. А, можа проста не тыя кнігі чытае ды не тую музыку слухае. Ці пакрыўдзіў каго з беларускіх чыноўнікаў. Затое цяпер пры вітаннях замест традыцыйнага пытання “Як надвор’е?” будуць пытацца: “А ты яшчэ не патрапіў у базу?”.
Кампанія ў базе вышуку сабралася добрая: журналісты, радыйшчыкі, праваабаронцы. Карацей, можна сказаць, эліта. Калі ў 2020 годзе казалі, што калі не быў затрыманы, то не беларус, то цяпер стаўкі падвысіліся. Калі не пад крыміналкай і не ў базе вышуку, то не беларус. Хаця лепей бы афіцыйны крэмль сабе галаву пашукаў бы. Усім бы стала лепей жыць.
Марыля Загорская, Беларускае Радыё Рацыя






