BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Пра назад у Савецкі Саюз

У Беларусі збіраюцца вярнуць артыкул за дармаедства. Прапанова сыходзіць ад сілавікоў.

Начальнік УУС Гарадзенскага аблвыканкама нават на прэс-канферэнцыі з гэтай нагоды выказаўся. Маўляў, а што тут кепскага. Сапраўды, што тут кепскага вяртацца ва ўчорашні дзень. Глядзіш, яшчэ трошкі дык можна і вярнуцца назад у феадальны лад, а потым і ў рабаўласніцкі. 

А што тут кепскага? Жылі ж неяк людзі, парадак быў. Не тое, што цяпер. Пайдзі разбярыся, чаго гэты чалавек не працуе. Напрыдумваюць розных незразумелых тэрмінаў: фрылансер, сабатыкал, а беларускім сілавікам потым разбірайся.

Вось у начальніка УУС Гарадзенскай вобласці ўсё проста: у яго хто не працуе, значыцца асацыяльны тып, то бок артыкул патрэбны, каб “меліся сродкі да існавання, а не так, як некаторыя цяпер: скраў, выпіў, сеў, скраў, выпіў, сеў”. Падумаеш, чалавек можа з дому працаваць і афіцыйна быць неўладкаваным у Беларусі, падумаеш, могуць быць жыццёвыя абставіны, дэпрэсія, прафесійнае выгаранне ды проста немагчымасць працу знайсці.

Сілавыя структуры не абцяжарваюць сябе такімі разважаннямі. А таму сваю геніяльную прапанову наконт артыкула для дармаедаў мяркуюць накіраваць у так званую палату прадстаўнікоў. І можна меркаваць, артыкул прымуць, бо наўрад ці атрымаецца ў цяперашніх умовах, як у 2017 годзе, выйсці на антыдармаедскія акцыі пратэсту.

Юлія Сівец, Беларускае Радыё Рацыя