BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Пра новаўвядзенні ў вайсковай вопратцы

Ну, усё. Прарыў. У форме вайскоўцаў у Беларусі футравы каўнер замяняюць на капюшон.

Гэта, канешне, ноў-хаў, якое вартае нобелеўскай прэміі. Адзенне з капюшонам вядомае была яшчэ ў 11 стагоддзі. Такое адзенне тады насілі манахі. А з 13 стагоддзя капюшон з’яўляецца і сярод свецкіх людзей. За 10 стагоддзяў можна было б здагадацца выкарыстоўваюць яго для вайскоўцаў. Глядзіш, праз якія 10 стагоддзяў Мінабароны пахваліцца чарговым ноў-хаў.

Новае вайсковае адзенне паказалі ўжо саміведаецекаму. Чым яно адрозніваецца ад цяперашняга — ведаюць толькі тыя, хто прадставіў новае адзенне. На манекенах выглядае, як мех з бульбай. Так, як і цяперашняя. Як сталася зразумела з аповеду начальніка рэчавага ўпраўлення Мінабароны Аляксея Кавалёва, самае значнае новаўвядзенне — гэта адмова ад футравага каўняра і замена яго на флісавы. Мінабароны проста не можа спыніцца ў выкарыстанні найноўшых матэрыялаў і тэндэнцый. Не толькі капюшонам парадавалі публіку, але і флісам. Праўда, фліс прыдумалі яшчэ ў 1979 годзе.

Ну, і нагадаем, што да каўняра збіраюцца прымацаваць капюшон. Бойцеся, ворагі, беларускія салдаты ў капюшонах цяпер усіх перамогуць. Вораг, як толькі беларускага вайскоўца ўбачыць у капюшоне, дык адразу ад страху і памрэ. Дарэчы, як заявіла старшыня канцэрну “Беллегпрам” Таццяна Лугіна, 98% тканін, якія выкарыстоўваюцца для вырабу вопраткі для вайскоўцаў, – гэта тканіны беларускай вытворчасці. Спадзяёмся, адзенне для вайскоўцаў “Беллегпрам” пашые хутчэй, чым рабіў джынсы з ільну і бавоўны, якія так і не з’явіліся масава на палічках крам і засталіся на ўзроўні бізнес-ідэі.

Беларускае Радыё Рацыя