BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Пра падарункі перад Вялікаднем

Улады Беларусі любяць рабіць шкодныя рэчы напярэдадні розных святаў. І Велікодны тыдзень не стаў выключэннем. Ну, і зразумела раз свята рэлігійнае, то і шкодныя рэчы ўлады Беларусі будуць рабіць вернікам.

Ксяндза Вячаслава Барка прызналі экстрэмісцкім фармаваннем. Уяўляеце, адна асоба, а цэлае фармаваннем. Цікава, што тады казаць, калі людзей будзе болей. Ёсць чалавек глыба, а ёсць чалавек-экстрэмісцкае фармаванне. Рашэнне пра прызнанне ксяндза экстрэмісцкім фармаваннем прымала цэлае МУС. Вось так: чалавек-фармаванне адзін, а рашэнне прымала многа людзей.

Як сталася вядома, МУС прызнала ксяндза фармаваннем 16 красавіка, то бок перад Вялікаднем. І не пабаяліся ж у Вялікі тыдзень гэта зрабіць. Як той казаў, не баяцца ні Бога, ні пекла. Хаця, ксяндза, відаць, усё-такі баяцца, раз абвясцілі яго цэлым фармаваннем. Чым жа так ён напалохаў улады? Каталіцкі святар з Расонаў Вячаслаў Барок напярэдадні і пасля жніўня 2020 года ў сваіх сацсетках выказаўся супраць гвалту і фальсіфікацыі выбараў. Ксёндз сутыкнуўся з палітычным пераследам за сваю пазіцыю пасля выбараў, пасля чаго быў вымушаны пакінуць Беларусь. Спачатку сацыяльныя сеткі ксяндза сталі экстрэмісцкімі. А цяпер і сам ксёндз стаў фармаваннем. Цяпер атрымліваецца вернікі, якія захочуць паслухаць казанні Вячаслава Барка на святы, будуць паводле законаў уладаў Беларусі парушальнікамі закону. Вось такія падарункі ад прыхільнікаў саміведаецекаго.

Марыля Загорская, Беларускае Радыё Рацыя