Праваабаронцы адзначаюць новую хвалю ліквідацый некамерцыйных арганізацый. Улады ў Беларусі ініцыююць ліквідацыю тых грамадскіх аб’яднанняў, якія не ўнеслі ва ўсталяваны тэрмін змяненняў у свае Статуты ў сувязі са змяненнямі закона «Аб грамадскіх аб’яднаннях». Зразумела, змены гэтага закона нічога добрага не прынеслі. Увогуле, паводле інфармацыі праваабарончай арганізацыі Lawtrend, за тры з паловай гады грамадскі сектар пазбавіўся практычны 1700 некамерцыйных арганізацый. Гэта былі аб’яднанні, якія займаліся самымі рознымі пытаннямі: адукацыяй, гісторыяй, экалогіяй, спортам, урбаністыкай, дабрачыннасцю. Ды нават сквошам і аўтамабілямі.

І што мы бачым цяпер? Надалей існуе Указ аб развіцці ваенна-патрыятычных клубаў для дзяцей і моладзі на тэрыторыі вайсковых частак унутраных войск МУС, Узброеных Сіл, іншых войск і вайсковых фармаванняў, а таксама месцах дыслакацыі органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях. Сапраўды, навошта той сквош моладзі. Нават слова такое незразумелае: сквош. Цяперашнія чыноўнікі ў Беларусі разважаюць так: спачатку сквош, а потым моладзь на акцыі пратэсту пойдзе. Іншая справа ваенна-патрыятычныя клубы. Як гаворыцца ў афіцыйным прэс-рэлізе, «дзейнасць клубаў будзе сайдзейнічаць грамадзянскаму і патрыятычнаму выхаванню дзяцей і моладзі, павышэнні іх матывацыі да праходжання вайсковай службы». Ага, вось паглядзяць дзеці і моладзь на ваеннага камісара Андрэя Крываносава – і адразу ў войска захочуць. Які Брэд Піт ці Джордж Клуні! Беларускай моладзі прапаноўваюць раўняцца на Андрэя Крываносава. Якія сквошы, рыцары ці ўрбаністыка! Ваенна-патрыятычныя клубы – вось што прапаноўваюць узамен разнастайнай грамадскай актыўнасці, якая была калісьці.
Беларускае Радыё Рацыя






