Саміведаецехто агучыў праблемы ў вышэйшай адукацыі. Думаеце там было пра ідэалагізацыю навучання, адсутнасць свабоды, рэпрэсіі? Не, калі паглядзець на праблемы, якія былі агучаныя, то ў хуткім часе варта чакаць чарговага закручвання гаек.
Праблем у вышэйшай адукацыі было агучана ажно пяць. Сярод іх ажно тры звязаныя з ідэалогіяй. Так, саміведаецехто акрэсліў, што адукацыя звязаная з палітыкай і ва ўніверсітэтах не павінна быць людзей, якія не падзяляюць каштоўнасці рэжыму. Маўляў, у 2020-м на вуліцы выйшлі студэнты, “атлумленыя заходнімі каштоўнасцямі”, закладзенымі ва ўніверсітэцкіх аўдыторыях. Таксама незадаволенасць была ідэалагічнай працай ва ўніверсітэтах. Нібыта, усё робіцца для галачкі. І трэцяя праблема ў тым, што моладзь імкнецца ехаць вучыцца за мяжу. Як той казаў, свайго гарба ніхто не бачыць. Канешне, ва ўсім вінаватыя заходнія каштоўнасці і імкненне моладзі з’ехаць, а не адсутнасць свабоды ды рэпрэсіі ў дачыненні да студэнтаў і выкладчыкаў. На дварэ 21 стагоддзе і зразумела, што студэнты імкнуцца вучыцца там, дзе ёсць свабода і правы чалавека, бо прадметы кшалту “Гісторыя партыі КПС” і праўладныя мітынгі з чырвонымі гальштукамі даўно не ў модзе.
А яшчэ саміведаецехто занепакоіўся, што моладзь не ідзе ў навуку і працаваць ва ўніверсітэты. Ну, канешне, не ідзе, калі ўжо цяпер, паводле неафіцыйнай інфармацыі, вядома, што для працы ва ўніверсітэце трэба прайсці адмысловую ідэалагічную праверку. А пятая праблема, акрэсленая на сустрэчы з членамі Рэспубліканскага савета рэктараў ВНУ, – гэта разрыў паміж попытам і прапановай. Маўляў, трэба рыхтаваць толькі тых спецыялістаў, якія патрэбныя дзяржаве. У такім разе, мусяць факультэты ідэалогіі расці, як грыбы. Праўда, наўрад ці праз 10 год усе гэтыя ідэолагі знойдуць сабе працу.
Юлія Сівец, Беларускае Радыё Рацыя