BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Пра прэмію Дарвіна

Жыхар Уладзівастока, дзякуй Богу, прэмію Дарвіна не атрымае, але запомніцца ўсім надоўга.

Нагадаем, на прэмію Дарвіна намінуюцца людзі, якія ў выніку сваіх не надта разумных учынкаў вызвалілі генафонд чалавецтва ад сваіх генаў. У выпадку з жыхаром Уладзівастока скончылася ўсё не так сумна, але аднаўляцца маладзёну давядзецца яшчэ доўга. Як паведамляюць СМІ, хлопец паспрачаўся з калегамі, што зможа прысесці 2 тысячы разоў і тым самым пабіць рэкорд нейкага блогера. Хлопец прысядаў з 6 вечара да 3 ночы. І нават перамог. Аднак атрымаць асалоду ад перамогі яму не ўдалося. Інтэнсіўныя прысяданні прывялі да праблемаў з ныркамі, якія сталі працаваць усяго на 50%. Пасля спрэчкі і прысяданняў жыхар Уладзівастока быў шпіталізаваны. Аналізы паказалі высокія паказчыкі ўрэміі – стану, пры якім у крыві назапашваюцца прадукты абмену рэчываў, што можа прывесці да незваротных наступстваў. Цяпер малады чалавек будзе аднаўляцца ад трох месяцаў да года.

Дарэчы, у 2018 годзе прэмію Дарвіна атрымаў аматар фізічных практыкаванняў. У Вашынгтоне мужчына вырашыў забегчы ўверх па эскалатары, які ехаў уніз. Аднак на самым версе яму стала кепска, ён не адолеў удушша і ўпаў уніз.

Марыля Загорская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: nashaniva.com