У Хойніках адкрылі памятны знаках Івану Мележу на расейскай мове.

І ў ніводнага прысутнага на ўрачыстасцях чыноўніка не ўзнікла пытанне, чаму ў беларускіх Хойніках памятны знак беларускаму пісьменніку, які пісаў на беларускай мове, усталявалі па-расейску. Можа, у хойніцкай тыпаграфіі не ведаюць, як шрыфты пераключаць. Ці не ведаюць, як дадаць беларускі алфавіт на камп’ютары. То, можа, іх на якія курсы накіраваць, каб навучыліся. Альбо чыноўнікі ў Хойніках думаюць, што ў Беларусі беларусы беларускія надпісы не разумеюць? Увогуле Івана Мележа называюць песняром палескай зямлі, а не нейкай расейскай. І кнігі ягоныя каштоўныя тым, што паказаў ён жыццё палескай вёскі, а не расейскай. І перадаў моўныя асаблівасці Палесся, а не нейкага рэгіёну Расеі. Аднак наўрад ці чыноўнікі Хойнік чыталі “Людзі на балоце”, інакш бы ў іх не ўзнікла думкі ствараць памятны знак беларускаму пісьменніку Івану Мележу па -расейску. Хаця чаго чакаць ад цяперашніх уладаў Беларусі, якія далёкія і ад беларускай літаратуры, і тым болей ад беларускай мовы. Яны адкрылі памятны знак Мележу, а пасля гэтага пайшлі глядзець расейскія серыялы пра мянтоў ды слухаць расейскую папсу. Наўрад ці яны ўзялі пачытаць творы Івана Мележа.
Адзінае радуе, што таблічка не ўяўляе аніякай мастацкай каштоўнасці і яе з лёгкасцю можна будзе выкінуць на сметнік, каб усталяваць нармальную шыльду Івану Мележу з нашым беларускім надпісам.
Марыля Загорская, Беларускае Радыё Рацыя






