BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Марыля Загорская пра „рускі мір“ у галовах

Адна аўтарка лічбавага кантэнту напісала абуральны пост пра тое, што сайт створаны чатырма вядучымі арганізацыямі па дапамозе палітычным рэпрэсаваным, мае толькі беларускую і англійскую версію. Заўважце, гаворка ідзе пра палітычных рэпрэсаваных з Беларусі, а не з Расеі. Больш за тое, аўтарка, якая калісьці жыла ў Беларусі, а цяпер пераехала ў Нямеччыну, напісала, што наяўнасць толькі беларускай і англійскай версіі, выклікала ў яе агіду. Перафразуючы вядомы выраз, можна вывезці чалавека ў Еўропу, але вывезці „рускі мір“ з галоваў немагчыма.

Здымак ілюстрацыйны: Вольга Кузьміна

Больш за тое, аўтарка дагаварылася да таго, што наяўнасць беларускай і англійскай версіі супярэчыць прынцыпам дабрачыннасці. То бок дабрачыннасць можа быць толькі на расейскай мове? Больш за тое, яна заявіла, што беларуская версія сайта – гэта дадатковы булінг расейскамоўных беларусаў. Гэта ж проста камічная сястра інфаказачкі Бондаравай. Тая таксама ўсё з беларускай мовай змагаецца і піша пра дыскрымінацыю расейскамоўных у Беларусі. То бок адсутнасць беларускамоўнага ўніверсітэта ў Беларусі ці нават садка – гэта норма. А вось наяўнасць беларускай і англійскай версіі ў сайта беларускіх арганізацый – гэта дадатковы булінг. Страшна падумаць, які булінг тады асноўны.

Ну, і вішанька на торце. Прыведзены аўтаркай лічбавага кантэнту аргумент ейнага каханага мужчыны, што той не чытае публічныя паведамленні і навіны, напісаныя на беларускай мове. Цікава, а на англійскай мове таксама не чытае? Ці на англійскай і расейскай мовах можна, а на беларускай – не. І як гэта з такімі поглядамі іх у кампанію Бондаравай ці якіх ідэолагаў не ўзялі.

Марыля Загорская, Беларускае Радыё Рацыя